БЕЛ Ł РУС

Вызвалена Людміла Чэкіна, дырэктарка Tut.by

16.09.2026 / 13:33

Nashaniva.com

Былая гендырэктарка Tut.by знаходзілася за кратамі з мая 2021 года. Суд, які адбыўся ў пачатку 2023 года, прысудзіў ёй дванаццаць гадоў калоніі. 

Людміла Чэкіна. Фота: «Наша Ніва»

Людміла Чэкіна ўвайшла ў пералік тых палітвязняў, якія былі вызваленыя і вывезеныя з краіны 16 верасня.

Генеральную дырэктарку ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫА» затрымалі 18 мая 2021 года. У той дзень сілавікі прыйшлі дадому не толькі да яе, але і да некаторых іншых супрацоўнікаў кампаніі і партнёрскіх арганізацый у межах крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты сум падатку, збораў у асабліва буйным памеры).

Суд па справе Tut.by пачаўся толькі ў пачатку 2023 года і праходзіў у закрытым рэжыме. Разам з Чэкінай судзілі галоўную рэдактарку найбуйнейшага партала Беларусі Марыну Золатаву, рэдактарку аддзела эканомікі і палітыкі Вольгу Лойку, карэспандэнтку Алену Талкачову і юрысконсульта Кацярыну Ткачэнку. Перад судом Талкачова, Лойка і Ткачэнка выехалі за мяжу.

Людміла Чэкіна ў судзе. Фота: БелТА

Людміле Чэкінай было выстаўлена абвінавачанне паводле трох крымінальных артыкулаў: ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 КК); арганізацыя наўмысных дзеянняў, скіраваных на распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці, учыненых групай асоб, што пацягнула цяжкія наступствы (ч. 3 арт. 130 КК); кіраванне заклікамі да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненае з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт (ч. 3 арт. 361 КК).

У кастрычніку 2022 года Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі ўключыў Людмілу Чэкіну разам з Марынай Золатавай у спіс асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».

17 сакавіка 2023 года суд вынес прысуд — 12 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 1000 базавых велічынь (37 000 рублёў). Тэрмін яна адбывала ў жаночай калоніі № 4 у Гомелі. На волі яе чакаў сын.

Людміла Чэкіна нарадзілася 13 ліпеня 1973 года ў расійскім Сергіевым Пасадзе. Яе бацька — кадравы вайсковец, таму сям’я шмат пераязджала і яшчэ да развалу СССР асела ў Жодзіне на Міншчыне.

Сама яна са школы зацікавілася юрыспрудэнцыяй: спачатку з чырвоным дыпломам скончыла юрыдычны тэхнікум, а пасля і юрфак БДУ. Пачынала кар’еру юрысткай у Жодзіне, у 2008 годзе пераехала ў Мінск, дзе ў статусе юрысконсульткі далучылася да кампаніі «Надзейныя сістэмы». У 2012‑м Чэкіна стала генеральнай дырэктарка «Надзейных сістэм». Пазней скончыла курс Executive MBA ў Бізнес-школе ІПМ. У 2017‑м узначаліла «ТУТ БАЙ МЕДЫА».

Чытайце таксама:

Золатава і Чэкіна — 12 гадоў калоніі. На прысудзе суддзя Валянціна Зянькевіч трымала іх у кайданках 

Марыну Золатаву і Людмілу Чэкіну ўключылі ў «спіс тэрарыстаў»

З юрысконсульта да генеральнага дырэктара Tut.by — расказваем пра палітзняволеную Людмілу Чэкіну

Каментары да артыкула