Коміку Нурлану Сабураву забаранілі ўезд у Расію на 50 гадоў
Прычына — жарты пра вайну, але фармальная зачэпка — парушэнне міграцыйнага і падатковага заканадаўства.
Забарона ўведзена з 30 студзеня, рашэнне прынятае ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі Расіі, паведамляюць расійскія СМІ.
Комік нібыта спрабаваў легалізаваць заробленыя ў РФ сродкі праз пасярэднікаў, у Расіі ён валодае маёмасцю больш чым на 60 млн расійскіх рублёў (каля 780 тысяч даляраў).
Паводле інфармацыі ТАСС, уезд коміку забаранілі «з-за крытыкі СВА», а таксама парушэння міграцыйнага і падатковага заканадаўства.
Казахстанскі стэндап-комік атрымаў вядомасць у Расіі, выступаючы на тэлеканале ТНТ і ў YouTube-шоу «Што было далей?». Нарадзіўся ў 1991 годзе ў Сцепнагорску (Акмалінская вобласць), кар’еру пачаў у Екацярынбургу, гуляючы ў КВЗ. З 2014 года жыў і працаваў у Маскве.
Пасля 2022 года яго выказванні на палітычныя тэмы неаднаразова выклікалі скандалы і прыводзілі да адмены канцэртаў у Расіі.