У Будслаўскім касцёле люты холад: прыхаджане стаяць у пухавіках і шапках, а святары адпраўляюць службу ў пальчатках
У Нацыянальным санктуарыі ў Будславе 7 лютага прайшоў Агульнабеларускі дзень кансэкраванага жыцця (прысвечанага Богу).
Апублікаваныя парафіяй здымкі ўражваюць: многія манахіні, вернікі, якія сабраліся ў храме, вымушаны сядзець у шапках, капюшонах і пальчатках — тэмпература была амаль як на вуліцы, заўважыў katolik.life.
Адзін са святароў нават адпраўляў службы ў пальчатках.
Тое, што ў будслаўскім касцёле холадна, было вядома і раней, але гэтыя здымкі найбольш яскрава паказваюць сітуацыю.
У санктуарыі ўвогуле няма і не было ацяплення, і гэтай сцюдзёнай зімой праблема стала вострай. У невялікай парафіі няма сродкаў на цеплавыя устаноўкі, лямпы і падобнае абсталяванне, як у іншых «старых» касцёлах — напрыклад, у Варнянах.