БЕЛ Ł РУС

Урад Ціханоўскай прыняў пастанову «Аб беларускім партызанска-супраціўным руху»

10.02.2026 / 11:14

Nashaniva.com

Аб'яднаны пераходны кабінет прыняў пастанову №25 «Аб беларускім партызанска-супраціўным руху», у якой прапануюць прызначыць пенсію і ільготы ўдзельнікам гэтага руху і іх сваякам у выпадку смерці змагароў.

«Рэйкавыя партызаны» са Светлагорска: Дзяніс Дзікун (справа), Алег Малчанаў, Дзмітрый Равіч. Фота: t.me/viasna96

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка заявіў, што такой пастановай «Кабінет паказвае, як любая здаровая дзяржава павінна паводзіць сябе ў дачыненні да тых, хто за яе змагаецца. Ад сябе хачу дадаць яшчэ адну важную рэч. Тысячы беларусаў і беларусак прайшлі альбо незаконна знаходзяцца ў турмах рэжыму Лукашэнкі. З’яўляюцца палітвязнямі. Гэта праваабарончы статус. Пастанова Кабінета, як протадзяржаўнага інстытуту, у сваю чаргу фактычна надае гэтым людзям дадатковы статус, адпаведны іх важнай гістарычнай і грамадска-палітычнай ролі ў жыцці Рэспублікі Беларусь. І бярэ на сябе абавязак не толькі зафіксаваць яе на будучыню, але ўжо сёння, зараз змагацца за свабоду кожнага і кожнай з іх даступнымі нам сродкамі, у тым ліку праз міжнародны і санкцыйны ціск».

Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы АПК Вадзім Кабанчук зазначае, што рух супраціву быў розны і эвалюцыянаваў.

«Былі такія групы як «рэйкавыя партызаны», групы Аліневіча, «Чорныя салаўі». Мы звяртаем увагу на ўсе групы патрыётаў, незалежна ад інструментаў барацьбы, выкарыстаных імі. Мы падкрэсліваем, што цэнім той унёсак людзей і іх ахвярнасць. Гісторыя і час усё раставяць на свае месцы. Гэтыя хлопцы і дзяўчаты ўвойдуць у падручнікі па гісторыі Беларусі як героі», — кажа Вадзім Кабанчук.

Па словах прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Вольгі Зазулінскай, дакумент задае аснову для далейшай працы, у яго межах будуць выпрацоўвацца канкрэтныя і рэалістычныя механізмы сацыяльнай дапамогі, рэабілітацыі і гарантый. Пастанова ўлічвае і сем’і загінулых. «Гэта пытанне справядлівасці і чалавечай салідарнасці, без якіх немагчыма будаваць новую Беларусь», — дадала яна.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула