БЕЛ Ł РУС

Украіна негалосна расфарміравала Інтэрнацыянальны легіён — замежнікаў адпраўляюць у штурмавікі

11.02.2026 / 07:00

Антось Жупран

Генштаб УСУ вырашыў перавесці замежных добраахвотнікаў у штурмавыя падраздзяленні з самымі небяспечнымі задачамі, што стала шокам для многіх легіянераў. З падрабязнасцямі знаёміць Le Monde.

Інтэрнацыянальны легіён тэрытарыяльнай абароны Украіны быў створаны 27 лютага 2022 года — праз некалькі дзён пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання. Ініцыятыва прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага мела выразны палітычны і сімвалічны сэнс: даць замежным добраахвотнікам афіцыйны, легальны і зразумелы механізм удзелу ў абароне Украіны.

Што ўяўляў сабой Інтэрнацыянальны легіён

За час існавання легіёна трохгадовыя кантракты падпісалі некалькі тысяч замежнікаў, хоць запланаваную ў 2022 годзе колькасць у 20 тысяч чалавек набраць так і не ўдалося.

У складзе Узброеных сіл Украіны замежнікі атрымліваюць такое ж грашовае забеспячэнне, як і ўкраінскія салдаты, але, у адрозненне ад апошніх, яны маюць права скасаваць кантракт праз шэсць месяцаў службы.

З 2022 года ў Інтэрнацыянальным легіёне назіралася значная ратацыя замежных добраахвотнікаў. У пачатку расійскага ўварвання пераважалі амерыканцы, французы, брытанцы, італьянцы, беларусы і грузіны, тады як сёння найвялікшы кантынгент складаюць выхадцы з Паўднёвай Амерыкі — у прыватнасці, калумбійцы.

У 2025 годзе Інтэрнацыянальны легіён складаўся з чатырох батальёнаў, у кожным з якіх тэарэтычна налічвалася ад 400 да 600 чалавек. Ён удзельнічаў у важных бітвах, такіх як вызваленне Харкаўскай вобласці (у прыватнасці, горада Купянск у 2022 годзе), летняе контрнаступленне 2023 года ў ваколіцах Бахмута, і, нарэшце, абарона Ваўчанска і Часава Яра.

31 снежня 2025 года Генеральны штаб і Міністэрства абароны Украіны без шырокай публічнай агалоскі прынялі рашэнне пра фактычны роспуск Інтэрнацыянальнага легіёна. Яго байцам прапанавалі перайсці ў штурмавыя палкі рэгулярнай арміі — падраздзяленні, што нясуць найцяжэйшыя страты і выконваюць найбольш небяспечныя задачы.

Пра будучы перавод легіянераў паведамілі яшчэ 1 лістапада 2025 года. Другі батальён легіёна абскардзіў гэтае рашэнне і дамогся адтэрміноўкі да 15 лютага 2026 года. Аднак яго байцы ўжо пераведзены ў склад 253‑га штурмавога палка 129‑й брыгады тэрытарыяльнай абароны. Частка байцоў апынулася ў Крывым Рогу без выразна вызначаных задач, навучання і належных умоў, што выклікала дэмаралізацыю і сыход часткі асабовага складу.

Начальнік штаба 2‑га батальёна падпалкоўнік Андрэй Співак назваў расфармаванне легіёна стратэгічнай памылкай. Паводле яго слоў, гэта была адзіная структура ва Узброеных сілах Украіны з цалкам двухмоўным афіцэрскім складам, уласнай сістэмай набору і падрыхтоўкі, а таксама з сучаснай тактыкай, заснаванай на спалучэнні каля дзвюх трацін аператараў дронаў і адной траціны пяхоты. Перавод такіх спецыялістаў у штурмавыя падраздзяленні, лічыць ён, азначае страту ўнікальных кампетэнцый.

Паводле звестак некалькіх крыніц з першага і трэцяга батальёнаў, іх шэрагі значна парадзелі ў 2025 годзе праз вялікія баявыя страты і, перш за ўсё, праз звальненні па ўласным жаданні. Каля сотні легіянераў, якія засталіся ў гэтых двух батальёнах, з лістапада 2025 года далучыліся да 475‑га штурмавога палка 92‑й брыгады або іншых падраздзяленняў — у залежнасці ад іх здольнасцяў і асабістых сувязяў.

Другому батальёну ўдалося захаваць 70% асабовага складу, чым і тлумачыцца яго нежаданне пераводзіцца ў іншую часць. Пра лёс чацвёртага батальёна, які функцыянаваў як цэнтр падрыхтоўкі і рэкрутынгу, выданне не паведамляе.

Што кажуць легіянеры?

Рэакцыя саміх легіянераў, з якімі паразмаўлялі журналісты выдання, на ліквідацыю батальёна розная. 27‑гадовы амерыканец «Конар», які нарадзіўся ва Украіне і ў дзяцінстве быў усыноўлены ў ЗША, падкрэслівае: для яго галоўнае — працягваць ваяваць за краіну, аднак пры ўмове, што яго разведвальныя навыкі будуць выкарыстоўвацца мэтазгодна.

Іншыя ж, як дацкі добраахвотнік «Вікінг», успрымалі Інтэрнацыянальны легіён найперш як бяспечнае і зразумелае асяроддзе для замежнікаў — з камандзірамі, якія размаўляюць па-англійску, і з улікам культурных асаблівасцей.

Карл, 53‑гадовы амерыканскі баявы медык, не выключае разрыву кантракта ў выпадку канчатковага расфармавання батальёна. Ён адкрыта кажа пра расчараванне вышэйшым камандаваннем. Амерыканцу заставаўся год да атрымання ўкраінскага грамадзянства пасля заканчэння трохгадовага кантракта, але праз перавод гэты тэрмін фактычна анулюецца і адлік пачынаецца нанова.

Чытайце таксама:

Украіна вырашыла да канца года ліквідаваць інтэрнацыянальныя легіёны

У Інтэрнацыянальным легіёне тэрабароны Украіны загінулі чацвёра байцоў

Генштаб Украіны: Замежныя добраахвотнікі — не найміты, а камбатанты

Каментары да артыкула