Вялікабрытанія праз два тыдні пераходзіць на лічбавыя візы. Што зменіцца?
З 25 лютага Вялікабрытанія ўводзіць электронныя візы (eVisa). Гэта значыць, што цяпер замест звычайнай візавай наклейкі наведвальнікі краіны, у тым ліку грамадзяне Беларусі, будуць атрымліваць лічбавы іміграцыйны статус, тлумачыць на сваёй старонцы ў фэйсбуку брытанская амбасада ў Мінску.
Амбасада Вялікабрытаніі ў Мінску. Фота: ukvisa.com.ua
Што змяняецца:
- цяпер трэба будзе прыйсці ў візавы цэнтр толькі адзін раз для пацвярджэння асобы. Анкету можна запаўняць анлайн, а запіс на біяметрыю застаецца;
- пашпарт вяртаецца ў той жа дзень — наклейку атрымліваць асобна не трэба;
- неабходна стварыць уліковы запіс на сайце UKVI, каб мець доступ да свайго іміграцыйнага статусу анлайн;
- авіякампаніі, паромы, круізныя аператары і памежная служба будуць аўтаматычна правяраць права на ўезд праз лічбавыя сістэмы;
- пашпарт, з якім вы падарожнічаеце, павінен быць звязаны з вашым уліковым запісам UKVI.
Перавагі электроннай візы:
- падача дакументаў становіцца хутчэйшай і прасцейшай;
- доступ да інфармацыі пра візу ў любы час і з любога пункта;
- больш бяспечна — электронную візу нельга згубіць, скрасці ці падрабіць.
Гэтая змена прэзентуецца як частка шырэйшага пераходу Вялікабрытаніі на лічбавыя візы для ўсіх, хто адпавядае патрабаванням.
Чытайце таксама:
Францыя памяняла правілы выдачы шэнгенскіх віз для беларусаў
На французскі «шэнген» цяпер можна запісацца самастойна — некаторыя ўжо атрымалі слоты