Лукашэнка заявіў, што стойкасць Ірана на міжнароднай арэне выклікае павагу
Месяц таму ў краіне былі жорстка задушаныя пратэсты.
Фота: Anonymous / Getty Images
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў прэзідэнта Ісламскай Рэспублікі Іран Масуда Пезешкіяна і іранскі народ з 47‑й гадавінай перамогі Ісламскай рэвалюцыі.
«За перыяд свайго існавання Іран неаднаразова праходзіў праз сур’ёзныя выпрабаванні, — гаворыцца ў віншаванні. — Нядаўнія падзеі сталі праверкай на сталасць інстытутаў улады і трываласць грамадскай дамовы. Захаванне канстытуцыйнага парадку ў няпросты час сведчыць пра адказнасць кіраўніцтва і здольнасць жыхароў адстойваць свой выбар, не дазваляючы знешнім сілам навязаць чужую волю».
Лукашэнка падкрэсліў, што стойкасць Тэгерана на міжнароднай арэне выклікае павагу: «Ва ўмовах рэгіянальнай ваеннай эскалацыі і жорсткага супрацьстаяння тым, хто выкарыстоўвае двайныя стандарты, Іран працягвае рухацца сваім шляхам, дэманструючы прагрэс і вернасць традыцыйным духоўным каштоўнасцям».
Масавыя пратэсты ў Іране пачаліся 28 снежня 2025 года. У пачатку студзеня яны дасягнулі найбольшага маштабу: масавыя выступленні ахапілі амаль усе правінцыі, мільёны людзей выйшлі на вуліцы з патрабаваннямі звяржэння рэжыму. Найбольш жорсткія сутыкненні адбыліся з 8 па 12 студзеня, калі сілы бяспекі, паводле розных ацэнак, забілі ад некалькіх тысяч да дзясяткаў тысяч чалавек.