Таццяна з Карэліцкага раёна праз тыкток адстаяла сельскую краму «Родны кут»
Скарга дапамагла захаваць краму ў Ярэмічах, якая абслугоўвала адразу некалькі вёсак. Гісторыя атрымала пазітыўны фінал, піша BGmedia.
Крама «Родны кут». Ілюстрацыйнае фота
У канцы мінулага месяца жыхарка адной з вёсак Карэліцкага раёна Таццяна звярнула ўвагу на праблемы з мясцовым магазінам сеткі «Родны Кут», які абслугоўваў адразу некалькі населеных пунктаў. Паводле слоў жанчыны, людзі маглі страціць зручны пункт продажу прадуктаў — існавала пагроза закрыцця крамы.
Магазін працаваў у вёсцы Ярэмічы і абслугоўваў навакольныя вёскі Карэліцкага раёна: Малыя Жухавічы, Новае Сяло, Пагарэлку, Вялікую Арбіну, Малую Арбіну, Даўгінава і Сіняўскую Слабаду.
Пазней з крамы звольнілася супрацоўніца — яна, па словах Таццяны, не вытрымала вялікай нагрузкі.
Жанчына выконвала адразу некалькі функцый: ад качагара да грузчыка і прадавачкі. У выніку яна сышла, а крама часова зачынілася.
У тыктоку Таццяна абвінаваціла кіраўніцтва сеткі ў абыякавасці да супрацоўнікаў і жыхароў сельскай мясцовасці. Паводле яе слоў, такая палітыка прывяла да закрыцця адзінай сеткавай крамы, якая працавала на некалькі вёсак.
Што адбылося пасля публікацыі роліка
На скаргі жыхаркі мясцовыя ўлады і кіраўніцтва крамы адрэагавалі даволі хутка. Відэа ў сацсетках прыцягнула ўвагу чыноўнікаў, а гісторыя атрымала рэзананс у мясцовых СМІ.
Аднак вырашэнне праблемы зацягнулася. Пасля публікацый у тыктоку ў вёсцы адбыўся сход з удзелам мясцовых чыноўнікаў і прадстаўнікоў сістэмы спажывецкай кааперацыі.
На сустрэчу прыйшлі старшыня сельсавета, прадстаўнік аддзела эканомікі Карэліцкага райвыканкама, супрацоўнікі РАЙПО, у тым ліку кіраўніца Белкаапсаюзу і прадстаўніца аддзела гандлю. Сход сабралі, каб абмеркаваць сітуацыю з закрыццём крамы і магчымыя шляхі яе вырашэння.
Падчас сустрэчы Таццяна ўздымала пытанні пра пратэрмінаваныя прадукты, нагрузку на прадаўцоў і ўмовы працы ў краме. Асобна яна звярнула ўвагу на касавыя тэрміналы, якія, паводле яе слоў, «глючаць». Аднак выразных адказаў на свае пытанні жанчына тады не пачула.
Асобна абмяркоўвалася тэма аўтакрамаў, якія кіраўніцтва назвала адным з варыянтаў вырашэння праблемы. З такім падыходам Таццяна не пагадзілася. Яна адзначыла, што аўтакрамы не могуць замяніць стацыянарную краму, бо асартымент у іх скарачаецца ад пункта да пункта.
Ці атрымалася вырашыць праблему?
Пазней, пасля чарговых публікацый у тыктоку, сітуацыю ўсё ж удалося вырашыць, і гісторыя атрымала пазітыўны фінал.
Супрацоўнікам крамы паабяцалі вырашыць тэхнічныя праблемы — у тым ліку з няправільна ўсталяваным кандыцыянерам, які пускаў цёплае паветра ў столь.
Аўтарка гісторыі таксама апісала свой асабісты візіт у краму. На 32 рублі яна набыла муку, цукар і масла па акцыі, а таксама зефір, хатняе печыва з карыцай, кефір і мясныя прадукты мясцовага камбіната.
Паводле яе слоў, у краме было чыста і акуратна, абслугоўвала пакупнікоў ветлівая дзяўчына, якой дапамагала больш дасведчаная супрацоўніца. Пратэрмінаваных тавараў, якія жанчына заўважала раней, у гэты раз не было.