Джэй Дзі Вэнс выдаліў твіт пра генацыд армянаў перад візітам у Азербайджан
Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс падчас візіту ў Арменію наведаў мемарыял ахвяр генацыду армянаў 1915 года.
Уша і Джэй Дзі Вэнсы у мемарыяле Ціцэрнакаберд. Фота: Kevin Lamarque-Pool/Getty Images
Затым ён накіраваўся ў варожы Арменіі Азербайджан, а па дарозе выдаліў твіта пра візіт у Арменію, піша Bild.
Мемарыял Ціцэрнакаберд узведзены ў памяць каля 1,5 мільёнаў армянаў, якіх у 1915—1916 гадах войскі Асманскай імперыі забілі або дэпартавалі ў пустыню, дзе людзі паміралі ад голаду. Аднак Турцыя — дзяржава-спадкаемца Асманскай імперыі — да гэтага часу адмаўляе генацыд, як і саюзны ёй дыктатар Азербайджана. Прэзідэнт Турцыі Раджэп Тайіп Эрдаган кажа максімум пра нейкія «цяжкія абставіны Першай сусветнай вайны», ахвярамі якіх сталі армяне.
Пасля наведвання мемарыяла ў акаўнце Вэнса ў Х з’явілася відэа яго візіту з тэкстам: «Сёння віцэ-прэзідэнт Вэнс і другая лэдзі Уша Вэнс прынялі ўдзел у цырымоніі ўскладання вянка да Мемарыялу генацыду армянаў, каб ушанаваць памяць ахвяр генацыду 1915 года».
Трошкі больш чым праз гадзіну (пералёт з Ерэвана ў Баку доўжыўся 74 хвіліны) твіт выдалілі. У адказ на свой запыт аб прычынах гэтага дзеяння CNN атрымаў адказ: твіт памылкова размясціў супрацоўнік, які не ўваходзіў у склад дэлегацыі паездкі.
За гэтым пайшлі віншаванні, апладысменты і фота з прэзідэнтам Ільхамам Аліевым у Азербайджане. Там Вэнс падпісаў пагадненне аб «стратэгічным партнёрстве».
ЗША прызналі генацыд армянаў менавіта як генацыд толькі ў 2021 годзе пры прэзідэнце Джо Байдэне. Аднак адміністрацыя Трампа разглядала Турцыю як важнага партнёра і зноў адмаўляла называць падзеі 1915 года тым, чым яны былі.