Эйсмант: Лукашэнка не зможа паляцець на Саміт міру ў ЗША, бо паветраная прастора Еўропы для яго закрытая
Аляксандру Лукашэнку паступіла запрашэнне на першую сустрэчу лідараў Рады міру, расказала Наталля Эйсмант, піша БелТА.
Аляксандр Лукашэнка, 13 сакавіка 2025. Фота: Alexander Zemlianichenko / AP
«Так, запрашэнне на першую сустрэчу лідараў у рамках Рады міру прыйшло, — заявіла прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант. — На жаль, мы атрымалі яго позна, працоўны графік на гэты перыяд ужо быў спланаваны. Так, мы з задавальненнем наведалі б Злучаныя Штаты Амерыкі, але ёсць пытанні, якія немагчыма адкласці, — заявіла яна. — Акрамя таго, мы бяром пад увагу і магчымыя лагістычныя складанасці, якія могуць узнікнуць з-за незаконных санкцый, найперш Еўрасаюза — з улікам закрыцця паветранай прасторы над ЕС».
«У сувязі з гэтым і нягледзячы на наша жаданне, прэзідэнт у дадзеным мерапрыемстве ўзяць удзел не зможа. Разам з тым падкрэслю: мы цалкам падзяляем нацэленасць прэзідэнта ЗША і Рады міру на вырашэнне ўсіх сусветных канфліктаў мірным шляхам», — сказала Наталля Эйсмант.
Саміт Рады міру мае прайсці 19 лютага ў Вашынгтоне. У Вашынгтон ад Беларусі паляціць міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў.