Побач з Курганом Славы за мільён долараў прадаюць старую базу адпачынку. Што гэта за аб'ект?
У прэстыжнай вёсцы Батурынка Смалявіцкага раёна шукае новых гаспадароў пустая база адпачынку. Турыстычны комплекс побач з вадаёмам выставілі на аўкцыён з пачатковай цаной у мільён долараў, піша Realt.
Размяшчаецца база адпачынку ў Смалявіцкім раёне, Азярыцка-Слабадскім сельсавеце, у вёсцы Батурынка, у завулку Школьным, 1. У савецкія гады тут працавала сярэдняя школа, а затым будынак перафарматавалі пад спартыўна-аздараўленчую базу.
Ад МКАД да гэтых месцаў — 17 кіламетраў.
У склад лота, выстаўленага на таргі, трапіла адразу некалькі аб'ектаў: галоўны корпус плошчай каля 900 квадратных метраў, два летнія домікі па 26 квадратаў кожны, міні-кацельня, домік вартаўніка, артэзіянская свідравіна і некалькі незавершаных капітальных будынкаў.
Акрамя пабудоў новаму ўласніку ў арэнду тэрмінам на 99 гадоў дастанецца і ўчастак плошчай 96 сотак. Паводле ўмоў пакупнік базы абавязаны гарантаваць бяспеку і абмежаванне доступу на аб'ект, падтрымліваць належны санітарны стан маёмасці, а галоўнае — ажыццявіць рэканструкцыю, знос або ўзвядзенне новага аб'екта ў тэрміны, вызначаныя праектнай дакументацыяй.
Сама вёска Батурынка сёння ўяўляе сабой катэджны пасёлак з капітальнымі дамамі. Побач знаходзяцца маляўнічае возера і лес.
Таргі па продажы базы адпачынку пройдуць у электронным выглядзе 4 сакавіка.