БЕЛ Ł РУС

Людзі п’юць менш піва — Heineken скарачае да 6 тысяч супрацоўнікаў

12.02.2026 / 07:00

Ідаля Салавей

Адзін з найбуйнейшых вытворцаў піва ў свеце рыхтуецца да сур’ёзных змен: кампанія пераглядае планы на бліжэйшыя гады і пачынае маштабную аптымізацыю. Кіраўніцтва прызнае, што рынак змяніўся, і цяпер трэба шукаць новыя спосабы зарабляць і эканоміць.

Фота: Mykhailo Polenok / Vecteezy.com

Галандскі піваварны гігант Heineken абвясціў пра намер скараціць да 6000 працоўных месцаў па ўсім свеце на працягу наступных двух гадоў. Як адзначае The Guardian, гэта складае амаль 7% ад агульнай колькасці персаналу кампаніі. Кампанія ідзе на гэты крок на фоне зніжэння попыту на піва і складанай сітуацыі на рынках.

Вытворца брэндаў Heineken, Amstel і Tiger паведаміў, што скарачэнні закрануць як вытворчыя падраздзяленні, так і адміністрацыйны персанал у межах яго 87‑тысячнага глабальнага штату. Паводле кіраўніцтва, меры будуць рэалізоўвацца ў Еўропе і іншых рэгіёнах прысутнасці кампаніі. Частка звальненняў звязаная з раней абвешчанай рэарганізацыяй ланцужкоў паставак, галаўнога офіса і рэгіянальных падраздзяленняў.

Другая па велічыні ў свеце піваварная кампанія (па рынкавым кошце) таксама панізіла прагнозы росту прыбытку на 2026 год. У гэтым годзе Heineken чакае рост прыбытку ў дыяпазоне ад 2% да 6%, што значна ніжэй за раней прагназаваныя на 2025 год паказчыкі ў 4—8%.

Па выніках мінулага года агульныя аб'ёмы продажаў піва скараціліся на 1,2% у параўнанні з 2024 годам. Кампанія і яе канкурэнты змагаюцца са спадам продажаў, асабліва ў Еўропе і Паўночнай Амерыцы.

Аналітыкі адзначаюць, што на сітуацыю ўплываюць некалькі фактараў. Па-першае, людзі скарачаюць выдаткі з-за росту кошту жыцця. Па-другое, частка спажыўцоў свядома памяншае ўжыванне алкаголю з меркаванняў здароўя. Дадаткова на паводзіны людзей паўплывалі змены ладу жыцця і дыеты, у тым ліку шырокае выкарыстанне прэпаратаў для зніжэння вагі.

«Мы робім гэта дзеля ўмацавання нашай аперацыйнай дзейнасці і для таго, каб мець магчымасць інвеставаць у рост», — растлумачыў журналістам фінансавы дырэктар Гаральд ван дэн Брук пасля публікацыі гадавой справаздачы.

Навіны пра аптымізацыю выдаткаў былі станоўча ўспрыняты інвестарамі: акцыі Heineken на біржы ў Амстэрдаме падскочылі амаль на 4% і дасягнулі найвышэйшага ўзроўню за апошнія шэсць месяцаў.

Як адзначае выданне, сітуацыя ў кампаніі ўскладняецца і зменамі ў кіраўніцтве. У студзені нечакана абвясціў пра адстаўку генеральны дырэктар Долф ван дэн Брынк, які кіраваў Heineken шэсць гадоў. Ён пакіне пасаду ў маі. Паводле звестак, на яго ўзмацняўся ціск з боку інвестараў, якія патрабавалі больш высокіх тэмпаў росту і павышэння эфектыўнасці пры абмежаваных рэсурсах.

Пакуль кампанія не назвала імя пераемніка. Аналітыкі лічаць, што новы кіраўнік атрымае кампанію, у якой ужо прынятыя ключавыя, але няпростыя рашэнні, і перад ім паўстане задача вярнуць піўнаму гіганту дынаміку развіцця ва ўмовах зменлівага спажывецкага попыту.

Чытайце таксама:

Вытворчасць каньяку ў крызісе. Продажы ўпалі да мінімуму за 15 гадоў

Heineken прадаў расійскі бізнэс вытворцу «Дыхлафоса» за 1 еўра

Кампанія Heineken выпусціла красоўкі з півам у падэшве

Каментары да артыкула