БЕЛ Ł РУС

Расія не будзе ўдзельнічаць у першым пасяджэнні Рады міру

12.02.2026 / 12:45

Nashaniva.com

Масква яшчэ фарміруе сваю пазіцыю ў адносінах да трампаўскай Рады міру. 

Марыя Захарава. Фота: МЗС Расіі

Прадстаўнікі Расіі не будуць удзельнічаць у першым пасяджэнні Рады міру, паведаміла афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава. «Расія не будзе прадстаўлена на пасяджэнні Савета міру», — сказала яна на брыфінгу.

Яна адзначыла, што «праца па фармаванні пазіцыі [Масквы ў адносінах да Рады міру] працягваецца».

Першае пасяджэнне Рады міру запланавана на 19 лютага ў Вашынгтоне.

Раней міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў казаў, што Масква пакуль прапрацоўвае сваю пазіцыю ў адносінах да Рады міру і ўлічвае, «наколькі насцярожана паставіліся да гэтай ідэі вельмі многія краіны на Захадзе і на Усходзе, уключаючы пастаянных членаў Рады бяспекі ААН».

Учора Наталля Эйсмант расказала, што Аляксандру Лукашэнку паступіла запрашэнне на першую сустрэчу лідараў Рады міру, але той не паедзе. 

— На жаль, мы атрымалі яго позна, працоўны графік на гэты перыяд ужо быў спланаваны. Так, мы з задавальненнем наведалі б Злучаныя Штаты Амерыкі, але ёсць пытанні, якія немагчыма адкласці, — заявіла яна. — Акрамя таго, мы бяром пад увагу і магчымыя лагістычныя складанасці, якія могуць узнікнуць з-за незаконных санкцый, найперш Еўрасаюза — з улікам закрыцця паветранай прасторы над ЕС.

У сувязі з гэтым і нягледзячы на жаданне, Лукашэнка «ў гэтым мерапрыемстве ўзяць удзел не зможа», сказала Эйсмант.

«Разам з тым падкрэслю: мы цалкам падзяляем нацэленасць прэзідэнта ЗША і Рады міру на вырашэнне ўсіх сусветных канфліктаў мірным шляхам», — дадала Наталля Эйсмант.

Саміт Рады міру мае прайсці 19 лютага ў Вашынгтоне. У Вашынгтон ад Беларусі паляціць міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў.

Чытайце таксама:

Эйсмант: Лукашэнка не зможа паляцець на Саміт міру ў ЗША, бо паветраная прастора Еўропы для яго закрытая

«Боінг» Лукашэнкі даляцеў бы да Вашынгтона, але…

Каментары да артыкула