Ціханоўская напісала ліст прэм'еру Літвы, але адказу не атрымала
«Мы шукалі кампраміс», — кажа Дзяніс Кучынскі.
На ўшанаванні памяці Каліноўскага і каліноўцаў 25 студзеня 2026 года Ціханоўская стаяла побач з Ругінене. Фота: Радыё Свабода
У канцы мінулага года, калі стала ясна, што паліцыя забірае ахову Святланы Ціханоўскай у Літве ў Службы бяспекі кіраўніцтва, Ціханоўская напісала ліст прэм'ер-міністру Інзе Ругінене ў пошуках кампрамісу, але адказу не атрымала, кажа Дзяніс Кучынскі, сённяшні кіраўнік офіса Святланы Ціханоўскай у Вільні, піша Delfi.lt.
«Мы ўдзячныя за тое, што ахоўвае крымінальная паліцыя, сочыць, каб мы маглі працаваць у Вільні, але мы да канца мінулага года шукалі кампраміс, як бы мы маглі паглядзець, калі цалкам застаемся ў Вільні. Мы шукалі гэты кампраміс, Ціханоўская напісала ліст прэм'ер-міністру, але адказу не атрымала», — сказаў Д. Кучынскі.
«Мы спрабавалі сустрэцца, але неяк так… з іншага боку, з боку Міністэрства замежных спраў, Офіса прэзідэнта ў нас было шмат сустрэч, мы шмат казалі, глядзелі, што і як можна зрабіць. З гэтага боку можна сказаць, што МЗС зрабіў усё, што мог-у нас ёсць статус, дыпламатычная падтрымка (…). З боку офіса прэзідэнта таксама», — падкрэсліў ён.
З лютага Святлана Ціханоўская з часткай офіса перабралася ў Варшаву, у Вільні кіраўніком місіі стаў Дзяніс Кучынскі.
23 студзеня Інга Ругінене досыць крытычна выказалася пра ад'езд Святланы Ціханоўскай.
«Гэта яе асабістая справа — вырашаць, што яна выбярэ», — сказала кіраўнік урада ў інтэрв'ю Delfi.
«Я не бачу ні дадатковай выгады, ні страты. Нашы кантакты з беларускай апазіцыяй вельмі моцныя, і не толькі са Святланай. Апазіцыя — гэта не толькі Святлана, гэта значна больш людзей. Я рада, што былі вызвалены апошнія лідары, якія таксама ўдзельнічалі ў прэзідэнцкіх выбарах. Мне здаецца, гэта вельмі важна», — падкрэсліла тады Інга Ругінене.