Зяленскі не супраць рэферэндуму аб тэрыторыях, але пагадненне павінна задавальняць Украіну
Уладзімір Зяленскі даў пашыранае інтэрв'ю журналісту выдання Atlantic Саймону Шустэру, які напісаў пра ўкраінскага прэзідэнта кнігу «Шоўмен».
Фота: AP Photo / Markus Schreiber
У размове з Шустэрам Зяленскі сказаў, што не пярэчыць правядзенню рэферэндуму аб тэрыторыях дзеля ўстанаўлення міру з Расіяй адначасова з прэзідэнцкімі выбарамі, але вынесеная на галасаванне ўгода павінна задавальняць Украіну, піша Бі-бі-сі.
«Я не думаю, што мы павінны выносіць на рэферэндум дрэнную ўгоду», — заявіў Зяленскі.
Ён дадаў, што ідэя правядзення прэзідэнцкіх выбараў ідзе ад расіян, «таму што яны хочуць ад мяне пазбавіцца».
Расія настойвае на вывадзе ўкраінскіх войскаў з усёй тэрыторыі Данбаса, у тым ліку з раёнаў, якія армія РФ не акупавала. Да апошняга часу Украіна называла такія патрабаванні непрымальнымі.
Аднак, як піша Шустэр, два дарадцы Зяленскага паведамілі яму, што Украіна «можа быць гатовая на самыя цяжкія саступкі: адмову ад тэрыторый у Данецкай вобласці».
Паводле звестак суразмоўцаў Шустэра, нядаўна прызначаны кіраўніком Офіса прэзідэнта Кірыл Буданаў кансультуецца з дарадцамі кіраўніка дзяржавы аб юрыдычных і практычных аспектах магчымага вываду войскаў.
У прыватнасці, як зрабіць гэта такім чынам, каб гэтыя тэрыторыі не былі захоплены расіянамі.
«Яны сапраўды праяўляюць крэатыўны падыход, вывучаюць магчымасці таго, як гэта зрабіць, каб людзі з гэтым пагадзіліся», — цытуе Шустэр аднаго са сваіх суразмоўцаў.
На гэтым тыдні Financial Times паведаміла са спасылкай на свае крыніцы, што ЗША настойваюць на правядзенні выбараў і рэферэндуму ўжо ў маі гэтага года. Аднак у адказ на гэтую публікацыю Зяленскі заявіў, што для правядзення хоць якога галасавання спачатку трэба гарантаваць бяспеку.