БЕЛ Ł РУС

Новых карыстальнікаў Signal у Беларусі не будзе? Праблемы з рэгістрацыяй ужо не толькі з А1

13.02.2026 / 18:17

Nashaniva.com

Код для рэгістрацыі не прыходзіць і абанентам МТС.

Фота: itdaily.com

Днямі з’явілася інфармацыя, што карыстальнікі мабільнага аператара А1 у Беларусі і ў роўмінгу за мяжой не могуць зарэгістравацца ў месенджары Signal. Праблема ўзнікае на этапе пацвярджэння нумара: на тэлефон не прыходзіць шасцізначны код верыфікацыі.

Чытачы «Нашай Нівы» паведамляюць, што падобныя цяжкасці ёсць і ў абанентаў МТС. Абанентам таксама не прыходзіць код.

Паводле сведчанняў карыстальнікаў, у выпадку з МТС праблема на ўзроўні аператара ўзнікае не першы раз.

«Недзе ў 2023‑м спрабавала ўсталяваць Signal — код доўга не прыходзіў. Атрымалася з новай спробы толькі на наступны дзень», — распавядае адна з чытачак.

Іншая адзначае, што сутыкнулася з падобнай сітуацыяй ужо ў 2025 годзе:

«Восенню змяніла тэлефон і хацела зноў усталяваць Signal. Дадатак спампаваўся, усталяваўся, але код так і не прыйшоў. Спрабавала некалькі разоў — безвынікова».

Мы таксама паспрабавалі зарэгістраваць Signal на беларускі нумар МТС у роўмінгу. Вынік аказаўся тым жа — смс з кодам пацвярджання не прыйшло.

Замест кода карыстальнікі атрымліваюць такое паведамленне з прапановай паспрабаваць праз некалькі гадзін.

У Беларусі Signal даўно мае складаную рэпутацыю. Падчас затрыманняў, допытаў ці «размоваў» на мяжы сілавікі традыцыйна праглядаюць змесціва тэлефонаў. Вядомыя выпадкі, калі наяўнасць месенджара Signal выклікала дадатковыя пытанні і нават агрэсіўную рэакцыю, паколькі такія дадаткі выкарыстоўваюцца для бяспечнай камунікацыі. Лічыцца, што ў «простага» чалавека такой праграмы проста не будзе. А калі яна ўсталяваная, то, маўляў, ёсць што хаваць.

У некаторых інструкцыях па лічбавай бяспецы беларусам нават раяць выдаляць Signal перад магчымымі праверкамі, каб не прыцягваць лішняй увагі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула