БЕЛ Ł РУС

Маладзечанская фермерка, чыю сядзібу атакавалі чужыя каровы, расказала, як вырашылі яе праблему

14.02.2026 / 20:07

Nashaniva.com

Настасся Чарняўская, уладальніца фермы «Сіўка-бурка» і аграсядзібы «Мара дзяцінства», расказала ў тыктоку, як вырашылася яе праблема са статкам чужых кароў, якія прыходзілі на яе ўчастак і наносілі шкоду.

Скрыншот з відэа

Пасля таго, як жанчына двойчы звярнулася ў пракуратуру, гаспадарам кароў паставілі высокі плот, каб жывёлы больш не выходзілі на чужую тэрыторыю. Настасся не ўдакладніла, за чый кошт гэта было зроблена, але адзначыла, што падрамантаваць яе агароджу ніхто не прапаноўваў.

«Гаспадарам кароў паставілі плот, засталося завезці кармы і наняць пастуха», — іранізуе яна.

Цяпер каровы пакуль што не прыходзяць і ўладальніца фермы ад іх адпачывае. Але яе абурае, што яна, як пацярпелая, павінна ўсё кідаць і некуды ездзіць па інстанцыях, калі дзень кароткі, мароз, а працы шмат. У той жа час да нядбайных суседзяў усе інстанцыі прыязджаюць самі і нават дапамагаюць замест таго, каб пакараць.

У каментарах людзі таксама дзівяцца новаму плоту і выказваюць здагадкі, хто яго мог аплаціць.

Пра праблему стала вядома ноччу 4 лютага, калі Настасся з мужам тры разы адганялі чужы статак ад свайго ўчастка. Пасля гэтага жанчына хадзіла скардзіцца, але ў міліцыі і пракуратуры ў яе правяралі тэлефон і праводзілі гутарку аб «экстрэмізме». 

Чытайце таксама:

«Душыць проста за горла пачуццё несправядлівасці». У Маладзечне аграсядзібу тэрарызуе статак кароў

Маладзечанская фермерка трапіла пад пераслед пасля скаргі ў тыктоку на чужых кароў

У казінай фермы ў Буда-Кашалёўскім раёне ўзніклі вялікія праблемы. Сотні жывёл могуць загінуць

Каментары да артыкула