БЕЛ Ł РУС

Кавалеўскі заявіў, што Ціханоўская запавольвае працэс вызвалення палітвязняў

15.02.2026 / 18:39

Nashaniva.com

«Іх пазіцыя не мае ўплывовага практычнага напаўнення», — каментуе ён дзейнасць Ціханоўскай.

Фота: LookByMedia

У інтэрв'ю Politico Святлана Ціханоўская адзначыла, што цяпер Еўропа — «кепскі паліцэйскі» ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.

«Мы просім Еўропу не капіяваць палітыку Трампа, таму што ў нас ёсць такая формула: амерыканскія санкцыі — каб вызваляць людзей, еўрапейскія санкцыі — каб вызваліць краіну», — сказала яна.

На яе словы адрэагаваў Валер Кавалеўскі, кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва.

«Святлана Ціханоўская спрабуе стрымаць Еўропу ад выкарыстання санкцыйных паслабленняў, якія могуць прывесці да вызвалення палітвязняў у Беларусі і спынення рэпрэсій», — напісаў Валер Кавалеўскі ў фэйсбуку.

«Па-першае, гэта супярэчыць прыярытэту вызвалення палітвязняў, які заяўлены яе структурамі. Іх пазіцыя не мае ўплывовага практычнага напаўнення — вызваленні адбываюцца насуперак патрабаванням Ціханоўскай аб непрызнанні, працягу ізаляцыі, захаванню санкцый. Ёсць і пастаянныя спробы запаволіць працэс гуманітарнай дыпламатыі, кінуць цень сумневаў на яго вартасць», — лічыць Кавалеўскі, які разам з Таццянай Хоміч і Вольгай Гарбуновай стварылі кааліцыю за вызваленне палітвязняў. Пазней да яе далучылася Настасся Касцюгова.

«Па-другое, Ціханоўская свядома заклікае Захад да расколу ў стратэгіі па Беларусі. Такі раскол заўсёды аслабляе рычагі ціску і перамоўныя пазіцыі (люстэркава ад «падзяляй і ўладар»). Аб'яднанне, наадварот, такія пазіцыі ўзмацняе. Менавіта зараз трэба спрыяць аднаўленню механізмаў каардынацыі і сінхранізацыі падыходаў паміж ЗША і ЕЗ, якія дзейнічалі ў 2020‑2024 гадах. Адметна, што адначасова Ціханоўская выступае супраць падзелаў у беларускім дэмруху.

Трэцяе, Ціханоўская па-ранейшаму не ацэньвае адэкватна ні змены ў кантэксце, ні пазіцыю Захада, калі заклікае да дэмантажу рэжыму (dismantling the regime). Захад шарахаецца ад такіх задач ужо даўно. У Беларусі — у значнай ступені падкантрольнай Расіі — такая перспектыва выглядае фантазійна», — выказаў сваё меркаванне Кавалеўскі.

Чытайце таксама:

Ціханоўская: Беларускую апазіцыю хацелі б трансфармаваць у расійскую

На Мюнхенскай канферэнцыі разам з Ціханоўскай засвяціўся Віктар Пракапеня ФОТАФАКТ

Уладзімір Мацкевіч: Святлана Ціханоўская — гераіня!

Каментары да артыкула