У Пхеньяне адкрылі вуліцу ў гонар паўночнакарэйскіх вайскоўцаў, якія загінулі ў Курскай вобласці
Цырымонію адкрыцця асабіста правёў Кім Чэн Ын.
У сталіцы КНДР завяршылі будаўніцтва вуліцы Сэбель («Новая зорка») у гонар салдат, якія загінулі ў баях у Курскай вобласці. Цырымонію адкрыцця правёў асабіста Кім Чэн Ын, паведамляе інфармагенцтва КНДР.
На новай вуліцы ўзвялі «манументальныя архітэктурныя збудаванні», дзе будуць жыць сем'і загінулых вайскоўцаў. Пабудовы павінны «захаваць подзвігі герояў, якія аддалі жыцці для несмяротнага гонару і вечнага працвітання Радзімы».
Кіраўнік КНДР назваў вуліцу Сэбель «сімвалам гераічнай эпохі» і прадметам гонару ўсёй краіны. На цырымоніі ён перадаў ордары на кватэры членам сем'яў загінулых, пасля чаго адбыўся канцэрт.
У лістападзе 2024 года КНДР адправіла дзесяць тысяч вайскоўцаў у Расію. Страты паўночнакарэйскіх войскаў склалі больш за пяць тысяч чалавек, траціна з якіх — забітыя. У лістападзе 2025 года стала вядома аб адпраўцы яшчэ пяці тысяч ваенных.