Рэкі і птушкі, або Калас, Бетховен і да Вінчы. Дызайн купюр еўра ўпершыню за чвэрць стагоддзя зменяць
Еўрапейскі цэнтрабанк афіцыйна прыступіў да працэсу абнаўлення дызайну купюр еўра.
Іх знешні выгляд не мянялі з моманту ўвядзення валюты ў абарачэнне, гэта значыць з 1 студзеня 2002 года. На сённяшніх банкнотах еўра намаляваныя прыклады еўрапейскай архітэктуры розных стыляў і перыядаў гісторыі.
Рэгулятар вылучыў дзве канцэпцыі абноўленых банкнот.
Першая «Рэкі і птушкі». Па задумцы, кожная купюра атрымае свой пейзаж і прадстаўніка фауны, а з адваротнага боку адлюструюць еўрапейскія інстытуты кіравання. Напрыклад, на 10 еўра можа з'явіцца вадаспад, зімародак ля вадаспаду або на спакойным участку ракі, а на адваротным баку — Еўрапейская камісія. На 50 еўра — звілістая рака, белы бусел над далінай, а на адваротным баку — Суд Еўрапейскага саюза.
Другая канцэпцыя прысвечана еўрапейскай культуры, у прыватнасці выбітным постацям, якія змянілі навуку, мастацтва і гісторыю. Скажам, на 5 еўра хочуць змясціць выяву спявачкі Марыі Калас, на 10 еўра — кампазітара Людвіга ван Бетховена, а на 100 еўра — Леанарда Да Вінчы.
У сакавіку дызайнеры павінны падаць свае фінальныя эскізы, а да канца года ЕЦБ абвесціць пераможцаў.
Новыя купюры з'явяцца толькі праз некалькі гадоў пасля фінальнага рашэння, паколькі вытворчасць высокатэхналагічных банкнот патрабуе працяглай падрыхтоўкі.
Пры гэтым і старыя банкноты застануцца сапраўднымі. У Еўрапейскім цэнтрабанку лічаць, што яны будуць выходзіць з абарачэння паступова і натуральным шляхам.