У Маладзечанскім раёне некалькі дзён існавала «беларуская Антарктыда» і замерзлы Ніягарскі вадаспад
У Threads толькі і размоў, што пра «беларускую Антарктыду». Незвычайную лакацыю выявілі за Радашковічамі.
Цяпер адны рыхтуюцца выязджаць на месца і хутчэй рабіць кантэнт, а іншыя поўныя сумневаў: маўляў, ці не чарговыя гэта выхадкі ШІ? Але ж не, лакацыя рэальная. Праўда, ужо з выходных усё выглядае трохі інакш, піша Onliner.by
«Сёння з'ездзіла ў лакацыю, пра якую думала некалькі тыдняў і сустракала некалькі пастоў у трэдс. Там я сустрэла некалькі чалавек — як аказалася, таксама з трэдс», — напісала аўтар
«Замак Снежнай каралевы», — паэтычна заўважыла іншая беларуска.
У каментарах пад допісам вышэй сваімі кадрамі падзялілася яшчэ адна дзяўчына. Апярэджваючы роспыты, аўтарка запэўніла: «Калі што, гэта не ШІ».
Фота і відэа, расказала чарговая аўтарка допісу, было зроблена літаральна на днях — 11 лютага.
Уразіўшыся выглядамі, многія прасілі падзяліцца дакладнай лакацыяй. Адразу ў некалькіх допісах пазначана: шукаць трэба ў Маладзечанскім раёне.
Дарэчы, тыя, хто паспеў пабываць на месцы, раяць не падыходзіць блізка: лёд паступова адколваецца. А яшчэ кажуць, што вакол лунаюць не самыя прыемныя водары.
Дык што ж на фота? Мяркуючы па адказах, фота зробленыя каля ваданапорнай вежы ў вёсцы Гарнякі пад Маладзечнам.
Журналістам выдання «Мінская праўда» расказалі, што вежа знаходзіцца на балансе ААТ «Дубрава-2013», але цяпер яна здаецца ў арэнду адной з арганізацый. Эфектны выгляд будынак, хутчэй за ўсё, атрымаў з-за няспраўнасці канструкцыі.
У Радашкавіцкім сельсавеце ў пятніцу журналісту Onlíner расказалі, што лакацыя сапраўды карыстаецца папулярнасцю. Але папярэдзілі, што МНС ужо прыбірае абледзяненне.
У Threads паказалі, як цяпер выглядае замерзлая вежа. «Больш за палову ўжо адбілі, але гэта вельмі прыгожа», — напісала дзяўчына і ўдакладніла, што фота зробленыя ўчора днём.