БЕЛ Ł РУС

Спыніліся апошнія пастаўкі расійскай нафты ў Еўрасаюз. Расія сама разбамбіла нафтаправод

16.02.2026 / 18:53

Nashaniva.com

Пастаўкі ў Венгрыю і Славакію, якія былі апошнімі краінамі ЕС, што атрымлівалі расійскую нафту, перапыніліся пасля расійскага авіяўдару па нафтаправодзе «Дружба», які праходзіць праз Украіну. Цяпер Венгрыя і Славакія просяць Харватыю дапамагчы з пастаўкамі па трубаправодзе, але марскі экспарт у ЕС забаронены са снежня 2022 года, піша The Moscow Times.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Janos Kummer / Getty Images

Да гэтага часу Венгрыя атрымлівала каля 150 000 бараляў нафты ў суткі, у той час як раней сярэдні аб’ём паставак у першыя два месяцы гадоў 2022—2025 складаў каля 200 000 бараляў.

Пасля расійскага авіяўдару Украіна паказала фатаграфіі нафтаправода, які гарыць, а міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга ў саркастычнай форме адзначыў, што Венгрыя можа скардзіцца на перабоі, паказваючы гэтыя фотаздымкі сваім «сябрам» у Маскве.

Міністр замежных спраў Венгрыі Петер Сіярта абвінаваціў Украіну ў тым, што транзіт расійскай нафты нібыта не аднавіўся па палітычных прычынах. Ён і міністр эканомікі Славакіі звярнуліся да Харватыі з просьбай забяспечыць ім пастаўкі па трубаправодзе Adria. Гэты трубаправод ідзе праз Харватыю да Адрыятычнага мора, што дазваляе прыводзіць нафту танкерамі і перапампоўваць яе ў Венгрыю і Славакію.

Аднак марскі экспарт расійскай нафты ў ЕС забаронены з снежня 2022 года, а выключэнне для Венгрыі і Славакіі было зроблена толькі для паставак па трубаправодзе.

Раней Венгрыя адмоўна ставілася да паставак па Adria, спасылаючыся на недастатковую прапускную здольнасць і высокую плату за транзіт. Урад Харватыі, аднак, адмаўляе гэтыя абвінавачванні, сцвярджаючы, што трубаправод можа забяспечыць неабходныя аб’ёмы ў любы момант. Міністр эканомікі Харватыі Антэ Шушняр заявіў, што абвінавачванні Венгрыі «на 100% не адпавядаюць рэчаіснасці» і што пастаўкі маглі быць арганізаваныя хутка.

Эксперты адзначаюць, што ўрад Орбана не зацікаўлены адмаўляцца ад расійскай нафты, бо гэта тычыцца бюджэтных даходаў. У той час як ЕС скараціў долю расійскай нафты з 26% у 2021 годзе да 3%, Венгрыя, наадварот, павялічыла яе долю з 61% да 86%, а Славакія залежыць ад расійскай нафты ўвогуле на 100%.

Чытайце таксама:

Віктар Орбан назваў Украіну ворагам Венгрыі

Трамп адкрыта выказаў падтрымку Віктару Орбану на выбарах

«Ваш маскоўскі гаспадар сто гадоў не пратрымаецца». Міністр замежных спраў Украіны рэзка адказаў Орбану

Орбан: У найбліжэйшыя сто гадоў Венгрыя не дазволіць Украіне стаць членам ЕС

Зяленскі ў Давосе публічна заклікаў Еўропу даць Орбану па карку. Орбан адказаў

Каментары да артыкула