БЕЛ Ł РУС

У Польшчы знайшлі сабаку, які згубіўся ў Беларусі. Здаецца, ён сам перайшоў мяжу па замерзлай рацэ

17.02.2026 / 08:52

Nashaniva.com

Сіма згубілася 11 лютага ў раёне вёскі Воўчын — паміж Брэстам і Высокім.

Фота: Straz Miejska Biala Podlaska

Між тым, такі ж па апісанні сабака знайшоўся з польскага боку мяжы, у раёне Тарэспаля. Зараз жывёла знаходзіцца ў прытулку, актывісты вырашаюць, як вярнуць яго на радзіму і ці варта гэта рабіць, піша Most.

Паведамленні пра знікненне Сімы сталі з'яўляцца нядаўна. Валанцёры паведамлялі, што на ёй быў нашыйнік колеру хакі, і прасілі тых, хто знойдзе, звязацца з імі.

Жывёла жыла ў Брэсце, але гаспадара ў яе не было. Сабака жыў на вуліцы, але пра яго клапаціліся і падкормлівалі жыхары раёна. 19 студзеня на Сіму напалі іншыя сабакі. Тады валанцёры адвезлі яе ў ветэрынарную клініку, неабыякавыя жыхары сабралі грошы — і жывёлу прааперавалі.

Пасля гэтага, незадоўга да знікнення, яе адвезлі ў вёску, дзе для Сімы папярэдне знайшлася гаспадыня. Але сабака па нейкай прычыне збег і, відаць, заблукаў.

Суразмоўца Most выказаў здагадку, што ён мог перайсці памежную раку Буг, якая зараз замерзла. Валанцёры ў профільных чатах абмяркоўваюць, што сабака перайшоў мяжу ў раёне вёскі Навасёлкі, там працякае рака.

Між тым, 12 лютага ў Facebook гарадской аховы польскага горада Бяла-Падляска з'явілася паведамленне аб знойдзеным сабаку, які па знешнім выглядзе аказаўся вельмі падобны на Сіму. Сабака ляжаў на зямлі, «быў відавочна пераахалоджаны і дрыжаў ад холаду». Відавочца паведаміў аб знаходцы ў гарадскую ахову, дзе ёсць падраздзяленне, якое адказвае за бяздомных або параненых жывёл.

Супрацоўнікі муніцыпальнай аховы перавезлі жывёлу ў Бяла-Падляску, у прытулак Azyl. «Зараз сабака знаходзіцца пад апекай работнікаў і чакае свайго ўладальніка», — напісала служба і прыклала фота.

Некалькі валанцёраў, якія займаюцца лёсам Сімы, пазналі яе ў знойдзеным сабаку. Валанцёркі ўжо пабывалі ў прытулку, і цяпер вырашаюць, як перадаць яе ў Беларусь і ці трэба гэта рабіць, улічваючы, што там гаспадара ў сабакі не было.

Суразмоўца Most кажа, што юрыдычна проста перадаць Сіму на беларускі бок нельга — патрэбны дакументы. На іх афармленне пойдзе час. Таму, магчыма, гаспадара будуць шукаць ужо ў Польшчы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула