БЕЛ Ł РУС

Мінчук дзве гадзіны дыктаваў махлярам коды з СМС, а потым здзівіўся, што ўсе яго грошы спісаліся

17.02.2026 / 09:34

Nashaniva.com

У міліцыю звярнуўся 59‑гадовы мужчына, які даў махлярам доступ да сваіх банкаўскіх рахункаў і страціў больш за 25 тысяч рублёў.

Фота LookBy.Media

Першапачаткова мінчуку патэлефанавалі з неіснуючай дамафоннай арганізацыі і прапанавалі замяніць ключы. Мужчына паверыў, бо па супадзенні ў яго пад'ездзе якраз ішоў рамонт. І назваў лічбы з смс, каб «забраніраваць чаргу», паведамляе сталічная міліцыя.

Канкрэтна гэтыя лічбы не мелі ніякага значэння, але пасля такой праверкі ашуканцы пераканаліся, што чалавек паверыў і трапіў у іх пастку.

Затым мужчыну патэлефанавалі яшчэ раз і напалохалі крымінальнай адказнасцю за сувязь са злачынцамі. Яму загадалі сабраць усе грошы і праз банк пакласці на свой жа рахунак.

Затым аферысты каля дзвюх гадзін размаўлялі з мужчынам па тэлефоне і патрабавалі называць коды з паведамленняў ад банка. Яны пераконвалі мінчука, што дапамагаюць яму праверыць баланс, а на справе за пяць траншаў вывелі ўсе грошы з асноўнага і назапашвальнага рахункаў мужчыны.

Увесь гэты час яму забаранялі заходзіць у асабісты кабінет у інтэрнэт-банкінгу. Калі мінчанін усё-такі паспрабаваў гэта зрабіць, то ўбачыў, што яго акаўнт заблакіраваны. Тады ён зразумеў, што стаў ахвярай падману.

Распачата крымінальная справа за махлярства.

Міліцыя нагадвае: коды з смс-паведамленняў патрэбныя толькі для здзяйснення плацяжоў або пераводу грошай. Не называйце іх нікому, калі не збіраецеся здзяйсняць такія аперацыі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула