БЕЛ Ł РУС

Беларусы выклалі фота і суму сваіх закупаў у польскай краме і ўзарвалі Трэдс. Даляцела аж да Казахстана

18.02.2026 / 14:10

Nashaniva.com

«Пайшлі ў суботу па прадукты. Пытанне: колькі ў вашым горадзе каштаваў бы прыкладна такі ж набор прадуктаў?» — напісалі беларусы і дадалі фота.

Фота: gigantskij_zhuk / Threads

Увесь набор прадуктаў, набыты ў дзвюх крамах, размясціўся на пяці здымках. Сам допіс за суткі набраў больш за 120 тысяч праглядаў і больш за 1000 каментароў з розных краін.

Прадукты на здымках каштавалі 410 злотых, што каля 115 даляраў ці каля 330 рублёў.

У каментарах нехта адразу выказаў меркаванне, што ў Беларусі такі набор прадуктаў каштаваў бы ў 2 разы больш. І паляцела.

Фота: скрыншот з Threads

Лічбы ў Беларусі

Праўда, гэта грубае параўнанне. Чалавек, які больш дакладна падлічыў кошт аналагічных прадуктаў у Беларусі, выдаў суму на 460 рублёў, то-бок даражэй — але толькі ў паўтара раза.

Іншая карыстальніца падлічыла, што ў яе атрымалася 478 рублёў, што блізка да папярэдніх лічбаў. Яшчэ адзін мужчына выказаў меркаванне, што такі набор прадуктаў у Беларусі абышоўся б на суму каля 500 рублёў.

«З улікам таго, што добрая чырвоная рыба ў нас каштуе 25—30 рублёў за кг… Ды і наогул, лічу, няма сэнсу параўноўваць. На мінулым тыдні з жонкай купілі стандартны набор ежы: па 4 штукі памідораў, яблыкаў, агулам гародніна — аддалі 100 рублёў. А тут… пра што наогул гаворка… Цяперака паказаў жонцы ваш набор. І калі ў вас выйшла такая сціжма прадуктаў на 330 рублёў — яна афігела», — дадае ён. Праўда, мужчыну хутка паправілі, што такая рыба каштуе ад 45 да 60 рублёў за кілаграм.

Беларуска, якая сабрала аналагічны кошык у «Едастаўцы», заплаціла 606 рублёў.

Фота: gigantskij_zhuk / Threads

Уся штука ў зніжках?

Многія адзначылі, што шмат якія прадукты ў выпадку з Польшчай былі набытыя на акцыі.

«Гляджу на фота і адразу разумею: закупка была ў «Бядронцы». «Мерсі» па акцыі 1+1, ласось таксама таннейшы, на яйкі таксама зніжка была на другую каробку», — звяртае ўвагу карыстальнік.

Фота: gigantskij_zhuk / Threads

Іншыя адзначаюць, што ў залежнасці ад абранага набору прадуктаў, розніца ў цэнах можа ісці як на карысць Беларусі, так і на карысць Польшчы, таму агулам цэны плюс-мінус аднолькавыя.

«Вядома, у кожнай краіне ёсць свае выгадныя пазіцыі. Калі набраць шмат стронгі, перацягне ў адзін бок, яек і малочкі — у іншы.

У Польшчы можна танна купіць хамон і манга, у РБ — добрыя недарагія стэйкі, дыні-тарпеды і кавуны. Але збалансаваны кошык (я лічу свой больш-менш збалансаваным) выходзіць прыкладна роўным па кошце. А вось у 2022‑м у Польшчы сапраўды было прыкметна танней».

Трэдс даляцёў да Казахстана

Адметна, што сярод каментатараў шмат карыстальнікаў з Казахстана.

«Я спачатку падумаў, што ўвесь набор прадуктаў на першай выяве, і адразу думка з'явілася, што ў Казахстане цэны такія ж. Потым свайпнуў налева некалькі разоў», — піша чалавек з Казахстана.

«155 даляраў у Казахстане — гэта чыста вашы два пачкі «Мерсі» і гэты ласось», — жартуе іншая каментатарка.

Але былі і тыя, хто грунтоўна падышоў да пытання параўнання цэн на прадукты ў Польшчы і Казахстане.

Фота: gigantskij_zhuk / Threads

«Я з Казахстана, не паленавалася, і ўвесь ваш прадуктовы кошык ўбіла на сайце супермаркета. У еўра гэта 155€, у далярах — 185$. Так што можна дакладна сказаць што ў нас у два разы даражэйшы», — піша карыстальніца з Казахстана і дадае, што ўводзіла ўсё дакладна па колькасці і граммоўках, якія былі ўказаныя аўтаркай допісу.

У іншай каментатаркі выйшла сума 167 даляраў.

* * *

Калі вы жывяце ў Польшчы або Літве, то можаце не толькі параўноўваць цэны, але і падтрымаць «Нашу Ніву» часткай вашага падаходнага падатку. Гэта не будзе каштаваць вам ані цэнта.

Вы проста перанакіруеце 1,2—1,5% ад ужо сплачанага вамі падатку пры падачы штогадовай дэкларацыі.

Вось падрабязная інструкцыя, як зрабіць гэта ў Польшчы. Калі вы працуеце ў Літве, то вам сюды.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула