Ганібал перайшоў праз Альпы на баявых сланах, пацвердзілі археолагі
Навукоўцы, мяркуючы па ўсім, знайшлі першае матэрыяльнае пацвярджэнне таму, што легендарны карфагенскі палкаводзец Ганібал выкарыстоўваў баявых сланоў у сваім паходзе на Рымскую рэспубліку: на поўдні Іспаніі археолагі адкапалі костку ступні слана, піша Бі-бі-сі.
Фрэска сярэдзіны XVIII стагоддзя. Photo12/UIG/Getty Images
Выявы Другой Пунічнай вайны, якую Ганібал вёў супраць старажытных рымлян, даўно паказвалі, што ў яго была армія баявых сланоў. Аднак пацверджання гэтаму не было, пакуль парэшткі жывёлы не знайшлі непадалёк ад Кордавы пры раскопках слаёў, якія адносяцца да Жалезнага веку.
«За выняткам вырабаў са слановай косці, у Еўропе археолагі вельмі рэдка знаходзяць парэшткі сланоў», — піша калектыў даследчыкаў у навуковым артыкуле, апублікаваным у Journal of Archaeological Science: Reports.
Ганібал лічыцца адным з самых паспяховых палкаводцаў антычнасці. Ён павёў сваю армію з Карфагена (сучасны Туніс) у Еўропу, ваюючы за кантроль над Міжземнамор'ем.
Антычныя гісторыкі — у першую чаргу Палібій і Ціт Лівій — пісалі, што ў арміі Ганібала былі баявыя сланы, калі ён пайшоў у паход на Рым праз тэрыторыі сучасных Францыі і Іспаніі.
Ацэнка іх колькасці (і колькі з іх выжылі пры пераходзе праз Альпы ў 218 годзе да н.э.) розніцца: Еўтропій пісаў, што да Італіі дайшлі 37 сланоў, а Палібій згадвае толькі 21 слана ў распараджэнні Ганібала на Іберыйскім паўвостраве.
Костка, знойдзеная ў Іспаніі, хутчэй за ўсё, належала слану, які сканаў да пераходу праз Альпы.
Археолагі на чале з прафесарам Рафаэлем М. Марцінес Санчэсам выявілі костку слана пад разбуранай сцяной у месцы пад назвай Каліна да лос Кемадос.
У верхнім радзе — костка, знойдзеная ў Іспаніі
Навукоўцы выкарыстоўвалі радыёвугляродны аналіз, каб ацаніць «узрост» косткі. Вынік дазволіў ім выказаць здагадку, што костка адносіцца да перыяду Другой Пунічнай вайны ( 218‑201 гг. да н. э.). Яны таксама параўналі костку з косткамі сучасных сланоў і стэпавых мамантаў, каб вызначыць, якой менавіта жывёле яна належала.
Археолагі падчас раскопак у 2020 годзе знайшлі таксама артылерыю, манеты і кераміку, што паслужыла дадатковымі доказамі таго, што перад імі — поле бітвы.
«Улічваючы, што гэтыя жывёлы — самыя буйныя з наземных — не водзяцца ў Еўропе, іх павінны былі перавозіць на караблі», — кажуць навукоўцы. Малаверагодна, што мёртвых сланоў таксама перавозілі на караблях. Сама костка — не апрацаваная, так што яе выкарыстанне ў якасці інструмента або проста як дэкаратыўнага аб'екта таксама можна выключыць.
Навукоўцы мяркуюць, што вызначыць, да якога менавіта віду адносіўся слон, парэшткі якога яны знайшлі, будзе вельмі складана.
«Гэтая костка наўрад ці належала аднаму з легендарных сланоў, якія Ганібал узяў у паход праз Альпы, але тым не менш, гэта, верагодна, першы матэрыяльны доказ (які так рупліва шукалі еўрапейскія навукоўцы), што баявыя сланы прымалі ўдзел у Пунічных войнах», — заключаюць археолагі ў сваім артыкуле.