Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча выйграў тэндар на права арэнды ранейшага будынка
У гэтым жа будынку на вуліцы Віленскай, 20 знаходзіцца і Цэнтр беларускай супольнасці і культуры.
Беларускі музей імя Івана Луцкевіча выйграў публічны тэндар на арэнду будынку пад адрасам вуліца Віленская 20‑1С — памяшкання, дзе Беларускі дом (адна з вядомых назваў будынку) знаходзіцца ўжо 5 гадоў.
Гэта «Радыё Свабодзе» пацвердзіла кіраўніца ўстановы Людвіка Кардзіс. Паводле яе, папярэдняя дамова аб арэндзе будынку заканчваецца 25 сакавіка 2026 года, а новая будзе заключацца на 10 гадоў.
З праекту дамовы, якую Беларускі музей імя Івана Луцкевіча атрымаў ад гарадскога самакіравання, арэнда памяшкання павялічыцца з 121 еўра да 1669 еўра за год.
«За пяць гадоў арэнды будынак ператварыўся ў сапраўдны цэнтар беларускай супольнасьці і культуры ў Літве», — кажа Людвіка Кардзіс.
Яна назвала асноўныя дасягнення супрацоўнікаў музея, яго валанцёраў і данатараў: праведзены капітальны рамонт, акрамя музея, пачала дзейнічаць адзіная ў Літве публічная беларуская бібліятэка, працуюць тыднёвая беларуская дзіцячая школка і моўныя курсы, рэгулярна праводзяцца мастацкія імпрэзы і сустрэчы.
«Цяпер рыхтуемся да сьвята беларускай паэзіі й Дня роднай мовы, які адзначым 21 лютага», — расказала пра найбліжэйшыя планы Людвіка Кардзіс.