БЕЛ Ł РУС

«Эміграцыя — гэта рэпетыцыя смерці»

22.02.2026 / 19:58

Nashaniva.com

Коля Суліма — той самы чалавек, што напісаў пост пра Мінск, якім пакрыўдзіў палову беларускага фэйсбука са Стасем Карпавым на чале. Але спачатку Суліма напісаў бадзёрую кнігу пра свой эмігранцкі досвед. Ох як яна вас можа расцвяліць, расказвае Зося Лугавая. 

Коля Суліма пераехаў у Берлін у 2022-м. Выпрабаванняў больш, але агульны тон аповеда прыгодніцкі. Дзесьці бліжэй да канца кнігі Коля раскажа і пра папярэдні досвед эміграцыі: шэсць гадоў у ЗША, радыкальная змена сферы дзейнасці, вяртанне на радзіму…

«Эміграцыя — гэта рэпетыцыя смерці. Выехаў — і бачыш здалёк, што нічога не змянілася. Лукашэнка бадзёры. Трамп схуднеў. Пуцін свежы. Дрэнна выглядаюць толькі эксперты, якія абяцаюць рэжымам крах».

Так, гэта яшчэ адзін эмігранцкі аўтафікшн, ці, як прынята казаць у выдавецтве «Мяне няма», якое выдала кнігу, — постфікшн. Новы беларускі паджанр, які не толькі пра асабісты досвед і траўму, але і пра гуманітарную катастрофу ў нашым рэгіёне. Гучыць страшнавата, але чытаецца бадзёра. 

«Немцы не даюць замежніку дагаварыць, ім не стае цярпення. Паўгадзіны сышло, каб растлумачыць, што мы разам пяць гадоў, але не жанатыя, прыехалі з Кіева, але мы не ўкраінцы, Соні чатырнаццаць гадоў, Машы сорак, а мне сорак дзевяць».

У тэксце багата каларытных эмігранцкіх дэталяў. І калі польскім эмігранцкім досведам беларусаў ужо не здзівіць, то берлінскі многім будзе экзатычны. Напрыклад, пра эканомнасць немцаў датычна камунальных паслуг і шчодрасць, калі яны пазбаўляюцца непатрэбных рэчаў.

Можна ісці па вуліцы і знайсці добрыя джынсы. Сукенку. Келіхі. Ваўнянае паліто. Усё гэта з пазнакай, што можна смела забіраць пры патрэбе. Можна абставіць кватэру мэбляй амаль без выдаткаў. Пры гэтым чатырнаццаць месяцаў хадзіць на агледзіны сацыяльнага жытла, на якое могуць разлічваць маламаёмныя, перш чым атрымаць кватэру. Доўга ўладкоўваць дзіця ў школу. Упарта і безвынікова змагацца з бязлітаснай нямецкай бюракратыяй. Але Коля піша весела, і табе таксама весела. 

«Два запаветныя нямецкія словы — «гедульд» і «ляйдэ». Першае азначае «цярпенне», другое — «на жаль». Як два галубы, яны лунаюць над згорбленымі плячыма эмігранта. Прыйшоў адказ па кватэры? Ну, што там. Умляўты, доўгія цягнікі са слоў, але раптам бліснуў «гедульд», як гіпербалоід інжынера Гарына! І можна далей не чытаць: хрэн табе, а не кватэру.

З «ляйдэ» яшчэ прасцей: нахабнае слова часта тырчыць у пачатку фразы, кароткае і непрыкметнае. «Ляйдэ, разумеючы вашыя патрэбы, мы не можам іх задаволіць. Заяўвак шмат, а месцаў у школе мала, ляйдэ. Набярыся гедульду і кладзіся спаць. Такое, ляйдэ, тваё сённяшняе жыццё».

У кнізе шмат Берліна — яркага, супярэчлівага, цікавага. Горад, які мяркуючы па апісанні наўрад ці б мне падышоў, пры гэтым зрабіў уражанне месца, гатовага прыняць амаль кожнага. Калі той мае дастаткова настойлівасці, трываласці і дзэну. 

«Люблю ісці па Мюлер да Зэе (Зэештрасэ — НН), вуліца проста булькоча. Пахне кебабам, дзядкі пыхкаюць цыгарэтамі, апухлыя п’янюгі цягнуць піва, турак уключыў хіп-хоп, ягоны драбнюткі «смарт» падскоквае ад басоў, шыльда «Турэцкі сушы» — з бараніны ці што?»

Напрыканцы можна было б напісаць, што любы чытач мае ўсе шансы атрымаць задавальненне ад кнігі, а часам нават пасмяяцца ў голас. Але ёсць адзін нюанс. Коля Суліма не толькі расказвае пра эмігранцкае жыццё. Ён яшчэ і разважае пра Беларусь. І тут акурат і прыгадваецца той самы пост у фэйсбуку, і цягне паспрачацца.

Коля Суліма. Фота: kolia.sulima / Facebook

«Чым далей, тым ясней, што сёння Беларусь амаль уся выехала. Цяпер гэта — краіна па-за краінай. Унутры засталіся тыя, хто катэгарычна не можа з’ехаць, і тыя, хто ніколі не адчуваў сябе беларусамі і не лічыў сябе імі. Называй іх як хочаш — расіянамі, братамі-славянамі, вайшнорцамі, — ім абыякава. Іх большасць, таму ілюзій наконт вяртання ў мяне няма. Я — вырадак. Не Лукашэнка выпер мяне з краіны, а Беларусь і яе жыхары».

Да раздзела «Мы — людзі» пры канцы кнігі пытанняў да Колі ў мяне агулам не было. Але тут хацелася спытаць: Коля, ты сур’ёзна?! На чым базуюцца вось такія сцвярджэнні? Што гэта — недальнабачнасць, адсутнасць эмпатыі, правакацыя? І нават калі ты напраўду так лічыш, то на халеру крыўдзіць тых, «хто катэгарычна не можа выехаць»? Іншыя ж усё адно не прачытаюць. 

Дапускаю, што гэта меркаванне з 2023-га, у якім, як выглядае, Коля кнігу і пісаў. Тады яшчэ магло падавацца, што калі не выехалі, то выедуць амаль усе. Аднак не. 95% беларусаў жывуць у РБ.

Таму ўзнікае пытанне, каму адрасуе сваю кнігу аўтар, выдаючы яе ў 2024-м. Такім жа, як і ён, эмігрантам з Беларусі? Усім рускамоўным эмігрантам? 

Але іранічнаму аўтафікшну я ўсё ж магу даволі шмат дараваць.

«Скажы я бабулі-нябожчыцы, што аднойчы буду ратавацца ад «гераічнай рускай зброі» ў Берліне, яна б адказала — пустэча! хлусі, ды не завірайся!»

* * *

Коля Сулима. Велосипедная улица, 51. — Варшава: Мяне няма, 2024

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула