У студзені ВУП Беларусі пачаў падаць
У студзені 2026 года валавы ўнутраны прадукт (ВУП) Беларусі скараціўся на 1,2% у параўнанні з студзенем 2025 года. Паводле звестак Белстата, аб’ём ВУП склаў 23,3 мільярда беларускіх рублёў, а індэкс-дэфлятар, які адлюстроўвае ўзровень інфляцыі, склаў 109,9%.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Спад ВУП адбыўся галоўным чынам з-за зніжэння вытворчасці ў прамысловасці: аб'ём вытворчасці склаў 16,6 млрд рублёў у цяперашніх цэнах, ці 96,6% ад узроўню студзеня 2025 года.
Асобныя сектары развіваліся па-рознаму: горназдабыўная — 98,7%, апрацоўчая — 92,5%, энергазабеспячэнне — 117,5%, водазабеспячэнне і ачыстка — 97,1%.
Таксама зменшыўся аб’ём грузаперавозак — на 0,5%.
У той жа час сельская гаспадарка паказала рост: вытворчасць сельгаспрадукцыі павялічылася на 3,5%, да 1,94 мільярда рублёў, галоўным чынам дзякуючы буйным сельгасарганізацыям, дзе рост склаў 3,8%. У жывёлагадоўлі адзначаецца павелічэнне вытворчасці жывёлы і птушкі на 4,3%, надоі малока ўзраслі на 3,3%, а вытворчасць яек — на 0,5%.
Студзеньскае падзенне ВУП ставіць пад пытанне магчымасць дасягненне гадавых прагнозных паказчыкаў. Згодна з Планам сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026 год, зацверджаным Саветам Міністраў і Лукашэнкам, прадугледжваецца рост ВУП на 2,8%.
Чытайце таксама:
ВУП Беларусі вырас у тры разы менш, чым планавалася. Чаму так і чаго чакаць ад 2026-га?
Расія дазволіла Беларусі заплаціць $250 мільёнаў па крэдытах пазней
Міністр эканомікі: ВУП Беларусі дасягнуў 88,6 млрд даляраў
ВУП за пяць гадоў плануюць павялічыць на 15,8 працэнта
Лукашэнка паскардзіўся, што сітуацыя ў Беларусі «падобная да абложанай крэпасці»