Беларус зрабіў вінтажны рамонт у 178‑гадовай кватэры ў стылі «бабушатнік» і робіць на ёй бізнэс. Паглядзіце, як выйшла
Кватэра Дзяніса — у доме сярэдзіны ХІХ стагоддзя ў цэнтры Гродна. Дзяніс уклаў бацькоўскую спадчыну ў гэтыя 30 квадратаў і на працягу трох гадоў вечарамі пасля працы прыходзіў рабіць тут рамонт. Выйшла атмасферна. Realt распавядае гісторыю кватэры, якую Дзяніс здае ў арэнду.
Двор блакітнага двухпавярховіка ў стылі эклектыкі на Савецкай, 19 ахоўваюць высокія вароты. Дом з багатай гісторыяй. Большасць пабудоў на гэтай вуліцы ў канцы XIX стагоддзя належалі яўрэйскім сем'ям. На першых паверхах размяшчаліся кабінеты, крамы, а другі адводзілі пад пакоі. У савецкі час плошчу дома падзялілі на тры кватэры.
У свой час тут была кнігарня, страхавая кампанія, пякарня, працаваў і жыў стаматолаг Абрам Фін. Дарэчы, нейкі час двухпавярховік называлі яго імем — «Дом Фіна». Пазней тут адкрылася аптэка Розэнберга, фотамайстэрня і многае іншае. Папоўніў дамавую кнігу і Дзяніс, калі купіў тут кватэру.
Аднапакаёўку на 30 квадратаў Дзяніс міла называе спадчынай ад бацькоў. Некалькі гадоў таму яго мама і тата перабраліся ў вёску, сваю кватэру ў горадзе прадалі і падзялілі грошы паміж сынамі. Дзяніс з жонкай разважалі ўкласціся ў арэндную нерухомасць.
— Жонка разглядала Піцер. Я, шчыра кажучы, цяжка сабе ўяўляў, як весці такі бізнес на адлегласці: атрымліваць выплаты, сачыць за парадкам. Але мы ўсё ж вырашылі з'ездзіць і паглядзець, што прапануе рынак. Рыэлтар параіла нам кватэру ў старым фондзе на Неўскім праспекце, маўляў, цана хоць і высокая, але сябе апраўдвае. Для нас цана была непад'ёмная, але я падумаў у той момант не пра Піцер, а пра наш Гродна — багаты на гісторыю і старыя дамы горад.
Сям'я стала вывучаць розныя аб'явы. Варыянтаў не бракавала, але ў такіх пытаннях трэба ўлічваць стан самога дома, пад'ездаў і наяўнасць магчымасці зрабіць мінімальнае перапланаванне.
— На досвітку натрапіў на добрую свежую аб'яву. Патэлефанавалі рыэлтару, які адразу запрасіў нас на паказ. Кватэра была ў стане шэрага каркаса: на падлозе ляжала фанера, сцены крыху былі падрыхтаваныя да тынкоўкі і афарбоўкі. Месца і закрыты дворык дадавалі патэнцыялу, таму доўга думаць не прыйшлося — да абеду мы ўжо былі ў БТІ і афармлялі кватэру.
Дзянісу, як усім, хацелася як мага хутчэй запусціць бізнэс. Але планы тармазілі цэны будаўнічых і рамонтных работ.
— Добрыя брыгады карыстаюцца попытам, таму за свае паслугі патрабуюць адпаведную аплату. Такіх грошай не было. Калі мне сказалі, што ўкладка аднаго метра плінтуса абыдзецца 7—10 даляраў, канчаткова пераканаўся, што займацца ўсім буду сам. Многія скажуць, што мой крок зусім няправільны. Але я не бачыў сэнсу ў тым, каб браць на рамонт крэдыт, а потым, умоўна, 10 гадоў выплачваць яго даходам ад арэнды.
Прафесійныя будаўнікі адводзілі на рамонт 3—4 месяцы, у гаспадара ж кватэры на ўсё пайшло 3 гады. Практычна кожны дзень пасля працы Дзяніс прыходзіў сюды і асвойваў для сябе нешта новае. Чэрпаў інфармацыю з кніг, відэаўрокаў на YouTube.
Усе гэтыя гады яго суправаджалі познія вяртанні дадому, пастаянная стомленасць і пераробкі. Пра сваё рашэнне ён не шкадуе, кажа, што выдаткаваў час з карысцю, ёсць чым пахваліцца.
Для адзінкавых работ мужчына спецыялістаў усё ж прыцягваў. У тым ліку каб і навучыцца рабіць гэта самому.
— Так было з дэкаратыўнай тынкоўкай. Я працаваў у тандэме з дзвюма аздабляльніцамі. Праца карпатлівая. Трэшчынкі з залатой жылай распаўзліся па ўсёй плошчы. Гэта, дарэчы, была самая дарагая частка рамонту. Менавіта такі від аздаблення, як па мне, упрыгожвае кватэру і падкрэслівае яе ўзрост. А паколькі дом з драўлянымі перакрыццямі і сцены тут пастаянна «гуляюць», з'яўляюцца і натуральныя шчыліны, якія не адрозніш ад створаных.
Павялічваюць памер аднапакаёўкі столі на 3,50 метра. Дзякуючы такой вышыні і невялікай перапланіроўцы, мужчына выдзеліў асобную спальную зону і ванны пакой. Справа ў тым, што жыллё прадавалася з санвузлом, але без ванны. Знайсці нават такі варыянт на рынку векавых дамоў — ужо вялікая ўдача. У некаторых няма і гэтага.
— Я планаваў абсталяваць кватэру ў вінтажным стылі, але не настолькі, каб абысціся без душа, — смяецца малады чалавек. — Рашэнне знайшлося хутка: адсек частку плошчы кухні. Пры гэтым зону падзяліў на два ярусы. Першы заняла ванна і пральная машына, а гэткая мансарда з боку кухні стала спальняй.
Падчас рамонту Дзяніс успомніў і пра сваю інжынерную адукацыю. Адсутнасць ванны — не адзіны нюанс. Гарачую ваду ў такіх кватэрах літаральна трэба дачакацца.
— Прачынаешся, адкрываеш кран з гарачай вадой і ідзеш сабе каву варыць. Пройдуць хвіліны, перш чым вада дойдзе да крана. Вядома, трэба было прамежкавы бойлер ставіць. Але падумаў я пра гэта ўжо пасля ўсіх рамонтных работ. Звярнуўся да сантэхнікаў, спецыялістаў, якія ставяць катлы ў катэджах. Ніхто брацца не хацеў, казалі, што гэта доўга, складана, ды і праца каштуе дорага. Пакінуць усё як ёсць я не мог, таму ўзяў напракат паяльнік, купіў поліпрапіленавыя трубы, паглядзеў ролік у інтэрнэце і пачаў майстраваць.
Дзяніс не хацеў рабіць яшчэ адну тыповую кватэру пад здачу. Займаючыся абстаноўкай, ён абапіраўся на свой вопыт у падарожжах.
— Мы заўсёды спыняліся ў кватэрах, якія ўладкаваныя так, нібыта ты прыязджаеш да некага ў госці. Інтэр'еры там былі жывымі: казалі пра горад і ўладальнікаў. Заўсёды быў рады, калі ўдавалася сустракацца з гаспадарамі. Я сам прымаю гасцей і праводжу іх. Гледзячы на запыты, магу дапамагчы скласці маршрут, параіць невідавочныя месцы.
Мужчына захапляецца гісторыяй, таму сцены і паліцы ўпрыгожаны фатаграфіямі Гродна ў розныя перыяды. На здымках можна разглядзець Фару Вітаўта, якую ў 1961 годзе ўзарвалі па распараджэнні ўлад. Да гэтага гатычны касцёл праіснаваў амаль 570 гадоў. Тут жа віды на Стары замак да рэканструкцыі і з'яўлення драмтэатра.
— Калісьці па Савецкай вуліцы хадзіў грамадскі транспарт. У пачатку мінулага стагоддзя першы аўтобусны парк знаходзіўся ў адным з тутэйшых двароў. Будучы заядлым веласіпедыстам-аматарам, не мог абысці бокам джэнтльменаў і дам на веласіпедах. Гэты двухколавы транспарт таксама звязаны з гісторыяй горада, бо ў Гродне выраблялі веласіпеды і матацыклы брэнда Neman. Зараз такія экзэмпляры вельмі рэдкія і даволі дарагія.
Напоўніў пакой мужчына рэчамі з дзяцінства. Сваё месца ў куце годна заняла кніжная шафа. Тут захоўваецца калекцыя, якую яго бацькі збіралі гадамі.
— Я амаль усё тут чытаў. Бывае, знайду якую-небудзь кніжку і ўспамінаю, як пераглядаў карцінкі ў пяцігадовым узросце. Гэтыя старонкі вяртаюць мяне ў бесклапотнае дзяцінства. Было б больш месца, дык яшчэ б тры стэлажы паставіў, — усміхаецца суразмоўца.
Асаблівае месца займае савецкая мэбля. Вялізны камод з буфетам сталінскага перыяду быў набыты па аб'яве. Дзяніс перажываў, што зараз за такую рэтра-мадэль папросяць цэлае багацце, нават прыгатаваўся да таго, што паедзе дадому без яго. Але ўладальнік ацаніў савецкі масіў на 150 рублёў.
— У мяне на яго былі іншыя планы. Хацеў выкарыстаць замест кухоннага гарнітура. Верх зняць і павесіць у якасці шафак для талерак і кубкаў. Але ў выніку стала шкада.
Дзяніс увасобіў у гэтай кватэры ўсе свае творчыя задумы. Кажа, што стварыў не самы папулярны інтэр'ер, але тым самым прыцягвае ўвагу людзей з падобнымі інтарэсамі і падыходамі да падарожжаў.
— Хтосьці можа сказаць, што гэта «бабушатнік». Так, тут няма тэлевізара, аўдыясістэмы, але аднапакаёўка нагадвае дом, у якім многія з нас выраслі. А як мы адчуваем сябе дома? Камфортна — і гэта самае галоўнае.