«Дайце клею, бо самлею, або Загадкі беларускіх фразеалагізмаў» — навінка
У выдавецтве «Тэхналогія» пабачыла свет кніга «Дайце клею, бо самлею, або Загадкі беларускіх фразеалагізмаў», якая ёсць вынікам даследаванняў доктара філалагічных навук Міколы Даніловіча, піша bellit.info.
У анатацыі гаворыцца, што чытачы дазнаюцца, што азначаюць народныя выразы: вароты каўбасамі завязваць, прайсці Крым і Рым, што ў касцелі то ў пасцелі, усе козы ў золаце, багатыя ноч разбяруць, жалезнага бобу пад’есці? Якімі з’явамі рэчаіснасці і гістарычнымі падзеямі гэтыя выразы матывуюцца? Якімі спосабамі ўтвораны? У якіх мясцінах Беларусі ўжываюцца?
А на сайце «Новыя беларускія кнігі» з’явіўся разгорнуты водгук на кнігу, у якім тлумачыцца, што «гэта не слоўнік, не зборнік паасобных артыкулаў і не дысертацыя (хоць відавочна, тэкст грунтуецца на ёй і часткамі публікаваліся ў профільных выданнях). Хутчэй гэта навукова-папулярнае выданне, якое можа быць цікавае ўсім, хто неабыякавы да беларускай мовы як аматар і як прафесіянал. Кніга не перагружаная тэрміналогіяй, даступная выкладам для старэйшых школьнікаў, а прыгожых прыкладаў у ёй столькі, што можна проста слізгаць вачыма па моўных залацінкаў і захапляцца трапным народным слоўцам».
Купіць выданне можна праз сайт выдавецтва «Тэхналогія».