БЕЛ Ł РУС

У Каліфорніі з гор сышла лавіна, як мінімум дзесяць чалавек зніклі без вестак

18.02.2026 / 17:32

Nashaniva.com

У гарах Сьера-Невада ў Каліфорніі сышла маштабная лавіна, пад якой апынуліся як мінімум 16 лыжнікаў. Паводле папярэдняй інфармацыі, да дзесяці чалавек лічацца зніклымі без вестак, яшчэ не менш за шэсць заблакаваныя ў снежнай пастцы і чакаюць дапамогі. Пра здарэнне паведаміла Reuters.

Фота ілюстрацыйнае

Лавіна сышла каля раёна Касл-Пік побач з горадам Тракі, прыкладна за 16 кіламетраў на поўнач ад возера Таха. Інцыдэнт адбыўся 17 лютага каля 11:30 па мясцовым часе. Пад масай снегу апынулася група з 16 чалавек — чатыры горныя гіды і дванаццаць кліентаў.

Не менш за шэсць чалавек выжылі і застаюцца на месцы ў чаканні ратавальнікаў. Лёс астатніх пакуль невядомы. Таксама не ўдакладняецца, колькі сярод зніклых гідаў, а колькі турыстаў.

Выратавальныя работы ўскладняюцца моцным зімовым штормам. З надыходам цемры і праз нулявую бачнасць была перакрытая найбліжэйшая шаша, а ратавальнікі не змаглі хутка дабрацца да месца трагедыі. Прадстаўнік офіса шэрыфа акругі Невада паведаміў, што аперацыя будзе доўгай і складанай, бо існуе высокая рызыка паўторных лавін.

Яшчэ напярэдадні ў паўночнай Каліфорніі дзейнічала папярэджанне пра зімовы шторм, а ў высакагорных раёнах прагназаваліся моцныя снегапады. Цэнтр лавіннай бяспекі загадзя папярэджваў пра высокую небяспеку сыходу лавін у гэтым рэгіёне.

Да пошукава-выратавальнай аперацыі далучыліся спецыялізаваныя горныя атрады з мясцовых курортаў. На момант апошніх звестак ратавальнікі на снегаходах працягвалі спрабаваць дабрацца да месца сходу лавіны.

Чытайце таксама:

У Швейцарыі горная лавіна накрыла пасажырскі цягнік ВІДЭА

Пацяпленне клімату можа кардынальна замарозіць Ісландыю

Трапічныя цыклоны загубілі ў Паўднёва-Усходняй Азіі больш за 1200 чалавек

Каментары да артыкула