БЕЛ Ł РУС

29‑гадовую спецыялістку дзяржпрадпрыемства асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

28.02.2026 / 16:02

Nashaniva.com

Карына Куцко з Івацэвіцкага раёна будавала кар'еру ў сталіцы, але трапіла пад каток рэпрэсій.

Карына Куцко. Фота з яе старонкі ў фэйсбуку

29‑гадовая Карына Куцко родам з аграгарадка Хадакі Івацэвіцкага раёна. У 2019‑м дзяўчына скончыла БНТУ і засталася ў Мінску. Апошнім часам яна працавала ў філіяле будаўніча-мантажнага ўпраўлення №7 (СМУ-7) ААТ «Белсельэлектрасеткібуд» — буйной арганізацыі, што займаецца электрыфікацыяй.

Карына займала пасаду галоўнага спецыяліста па распрацоўцы каштарыснай дакументацыі.

Акрамя асноўнай працы на дзяржпрадпрыемстве, Карына шукала сябе ў творчасці. Яна скончыла курсы па 3D-візуалізацыі і дызайне інтэр'ераў, вяла пра гэта блог у інстаграме і выкладвала свае працы на Behance.

Карына Куцко. Фота з яе старонкі ў Інстаграме

Карыну асудзілі ў Мінскім гарадскім судзе паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 Крымінальнага кодэкса («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Пераслед, імаверна, звязаны са справай Гаюна.

«Беларускі Гаюн» — маніторынгавы OSINT-праект, які быў створаны ў 2022 годзе, калі Расія праз Беларусь напала на Украіну. Праект адсочваў ваенную актыўнасць расійскіх і беларускіх войскаў, абапіраючыся на інфармацыю ад беларусаў. Каардынавала яго дзейнасць група актывістаў на чале з Антонам Матолькам.

Справа Гаюна пачалася пасля таго, як сілавікі затрымалі актывістку, якая некалькі гадоў жыла ў Беларусі ў падполлі. У яе мабільніку знайшлі спасылку на далучэнне ў бот Гаюна, якую ёй дасылалі ў самым пачатку існавання праекта. Фатальная памылка была ў тым, што спасылка была бестэрміновая. А таму сілавікі змаглі падключыцца да бота і выпампаваць адтуль усю інфармацыю. Яны атрымалі паведамленні акаўнтаў, якія пісалі ў бот, а таксама іхнія ID і імёны карыстальнікаў.

Саму ж дзяўчыну затрымалі праз тое, што яна была вымушаная звярнуцца ў дзяржаўныя структуры, да медыкаў. У яе хлопца, які хаваўся разам з ёй, пачаліся моцныя праблемы са здароўем на фоне арышту яго бацькі.

Заснавальнік Гаюна Антон Матолька адразу пасля ўзлому патлумачыў, як адбыўся выцек інфармацыі і абвесціў пра закрыццё праекта. 

Чытайце таксама:

Эканамістку з «Армтэка», якая перайшла ў IT і дапамагала бяздомным жывёлам, асудзілі па справе Гаюна

Што можа пагражаць тым, хто пісаў у бот «Беларускага Гаюна»? І што можна зрабіць цяпер

Пісаў у чатах па-беларуску і сам рамантаваў сваё аўто. Кіраўніка інавацый IT-кампаніі 4RM Systems кінулі за краты за палітыку

Каментары да артыкула