Мужчыну ў абменніку выдалі больш грошай, усё скончылася крымінальнай справай
32‑гадовы жыхар Баранавічаў прыехаў у Мінск, каб адрамантаваць аўтамабіль. Ён адправіўся ў абменнік памяняць валюту.
Ілюстрацыйнае фота
Ён здаваў даляры і брытанскія фунты стэрлінгаў. Касірка выдала на 600 рублёў больш. Мужчына пералічыў іх, вывучыўшы квітанцыю, і сышоў. Потым касір агледзелася і звярнулася ў міліцыю, паведамляюць Мінск-навіны.
Мужчына зноў прыехаў з Баранавічаў у Мінск, у Цэнтральнае РУУС, каб даць тлумачэнні па гэтым факце. Лішнія грошы ён вярнуў, але ў дачыненні да мужчыны распачалі крымінальную справу за махлярства.
— Абвінавачаны працаўладкаваны кіроўцам-экспедытарам у прыватнай кампаніі, жанаты, на ўтрыманні мае траіх малалетніх дзяцей, раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся. Яму выстаўлена абвінавачванне ў завалодванні маёмасцю шляхам падману (махлярстве), гэта значыць у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага часткай 1 артыкула 209 КК, санкцыя якой — аж да трох гадоў пазбаўлення волі. Віну грамадзянін не прызнаў — настойвае, што ў яго не было намеру падмануць касірку, — адзначыў намеснік пракурора Цэнтральнага раёна Віктар Шубіч.
У дачыненні да мужчыны ўжытая мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах.