БЕЛ Ł РУС

Украіна прыгразіла байкотам Паралімпіяды-2026 праз допуск Беларусі і Расіі са сцягам і гімнам

19.02.2026 / 14:50

Nashaniva.com

Міністэрства замежных спраў Украіны выступіла з заявай, у якой пагражае абвясціць байкот праз допуск Беларусі і Расіі са сцягам і гімнам. У ведамстве заклікалі іншыя краіны прапусціць цырымонію адкрыцця Паралімпіяды-2026. На гульні было дапушчана чацвёра беларусаў і шасцёра расіян. Яны з'явяцца на спаборніцтвах з дзяржаўнай сімволікай.

Фота: Andrea Amato/NurPhoto via Getty Images

«Рашэнне дапусціць Расію і Беларусь да Паралімпійскіх гульняў пад нацыянальнымі сцягамі выклікае абурэнне. Яно прыніжае паралімпійскую супольнасць і ўсю Украіну, падрывае давер да міжнароднага спорту.

Мы заклікаем Міжнародны паралімпійскі камітэт і арганізацыйны камітэт гульняў перагледзець рашэнне аб допуску расіян і беларусаў пад нацыянальнай сімволікай. Мы чакаем забароны дзяржаўнай сімволікі Расіі і Беларусі на Паралімпіядзе. Мы просім партнёраў дзейнічаць прынцыпова.

Калі гэта ганебнае рашэнне не будзе перагледжана, украінскія службовыя асобы не паедуць на Паралімпійскія гульні. Мы не будзем прысутнічаць на цырымоніі адкрыцця. Мы таксама не будзем наведваць іншыя афіцыйныя мерапрыемствы. Заклікаем прадстаўнікоў урадаў краін свабоднага свету не наведваць цырымонію адкрыцця і іншыя мерапрыемствы ў рамках Паралімпійскіх гульняў. Украіна працягне працу на ўсіх міжнародных пляцоўках, каб аднавіць справядлівасць. Мы абараняем сумленны спорт. Мы абараняем годнасць людзей», — пазначана ў тэксце заявы МЗС Украіны ў сацыяльных сетках.

У пачатку тыдня стала вядома, што чатыры беларускія і шэсць расійскіх спартсменаў змогуць выступіць пад сваімі дзяржаўнымі сцягамі на Паралімпійскіх гульнях 2026 года ў Мілане і Карціна д'Ампеца.

Чатыры беларускія квоты прызначаныя для лыжных гонак. Расія атрымала па два месцы ў гарналыжным спорце, лыжных гонках і снаўбордзе.

Паралімпіяда пройдзе з 6 да 15 сакавіка ў Мілане і Карціне д'Ампеца. Спартсмены прымуць удзел па шасці відах спорту ў дзвюх катэгорыях: віды спорту на снезе (горныя лыжы, бегавыя лыжы, біятлон і снаўборд) і віды спорту на лёдзе (хакей на санях і кёрлінг на вазках).

Падчас Паралімпіяды-2022 (4—13 сакавіка 2022) беларускія і расійскія спартоўцы былі адхіленыя ад спаборніцтваў з-за пачатку поўнамаштабнай вайны. Прычым яны былі адхіленыя за дзень да пачатку спаборніцтваў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула