Ва Украіне аштрафавалі кіраўніцу крамы за тое, што ў ёй грала музыка Цімы Беларускіх
Як стала вядома «Радыё Свабода», інцыдэнт адбыўся 21 студзеня. У краме «Чырвоны маркет», што ў горадзе Смела Чаркаскай вобласці, гучала музыка спевака Цімы Беларускіх, які «падтрымлівае агрэсію Расіі».
Ціма Беларускіх. Фота: афіцыйны тэлеграм-канал спевака
На кіраўніцу крамы склалі акт аб адміністрацыйным парушэнні паводле факту парушэння грамадскага спакою і маралі падчас ваеннага становішча ў краіне.
Грамадзянка Украіны цяпер павінна сплаціць 51 грыўню штрафу і 665 грыўняў судовага збору, агулам прыблізна 16,5 даляра ў эквіваленце.
Калі кіраўніца крамы не сплаціць своечасова штраф, яго павялічаць удвая — да 102 грыўняў.
Ціма Беларускіх здабыў папулярнасць у 2018 годзе з песняй «Мокрые кроссы», якая стала папулярнай у Расіі і Беларусі, за яе атрымаў шэраг расійскіх узнагарод. Выдаў два альбомы, шэраг кліпаў.
У красавіку 2021 года за захоўванне амфетаміну і гашышу спевака асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі». Пасля заканчэння тэрміну ён аднавіў свае канцэрты ў Расіі.
У адрозненне ад многіх беларускіх і расійскіх артыстаў, Ціма Беларускіх публічна не выказваўся ў падтрымку агрэсіўных дзеянняў Расіі і Беларусі. У 2024 годзе яго ўключалі ў спіс непажаданых артыстаў у Расіі, аднак мяркуюць, што гэта адбылося праз яго «наркатычную» справу ў Беларусі.
Чытайце таксама:
Ціма Беларускіх паехаў у першы вялікі тур пасля хатняй хіміі за наркотыкі — па Расіі
Ціма Беларускіх выпусціў першую песню пасля прыгодаў па наркатычным крымінальным артыкуле
Ціма Беларускіх аднаўляе канцэрты — у Расіі
У Смалявічах пачынаецца суд з-за выказванняў Цімы Беларускіх у інтэрв'ю Дудзю