Мікола Статкевіч на свабодзе. Ён перанёс інсульт
Статкевіч дабіўся вызвалення без дэпартацыі з Беларусі. Палітык перанёс інсульт.
Мікола Статкевіч з жонкай Марынай Адамовіч
Міколу Статкевічу 69 гадоў. Ён нарадзіўся на Случчыне ў сям’і настаўнікаў. Скончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітна-ракетнае вучылішча (МВІЗРВ), служыў у войску, абараніў кандыдацкую дысертацыю, выкладаў у МВІЗРВ.
У 1991 годзе выйшаў з КПСС і стаў адным з заснавальнікаў Беларускага згуртавання вайскоўцаў, якое дамагалася стварэння нацыянальнай арміі і абароны незалежнасці.
З 1995 года актыўна займаецца палітыкай, узначаліў БСДП (Народная Грамада). Арганізоўваў шматлікія акцыі пратэсту, за што неаднаразова арыштоўваўся і асуджаны.
У 2010 годзе быў кандыдатам у прэзідэнты. Пасля ўдзелу ў акцыі 19 снежня 2010 года асуджаны на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, вызвалены ў 2015 годзе. Зноў актыўна ўдзельнічаў у палітычных кампаніях і пратэстах.
У траўні 2020 года быў затрыманы. 14 снежня 2021 года на закрытым судзе ў Гомелі асуджаны на 14 гадоў пазбаўлення волі асаблівага рэжыму паводле абвінавачання ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Разам з ім асудзілі і іншых вядомых апанентаў улады. Пакаранне адбываў у калоніі ў Глыбокім, апошнія гады ўтрымліваўся ў рэжыме інкамунікада.
У 2020 годзе атрымаў прэмію імя Андрэя Сахарава.
11 верасня 2025 года Статкевіча нечакана вызвалілі разам з іншымі 51 палітвязнямі і хацелі прымусова выдварыць у Літву. Статкевіч, аднак, адмовіўся перасякаць мяжу і застаўся на тэрыторыі Беларусі. Пасля таго, як яго забралі лукашэнкаўскія сілавікі, пра ягоны лёс нічога не было вядома.