«Пяць кватэр у Мінску, 25 машын». Новыя падрабязнасці пра дырэктара «дабрачыннага фонду»
З больш як 1,5 мільёна рублёў, якія паступілі на рахунак фонду, Вячаслаў Лысянкоў патраціў на дабрачыннасць толькі каля 55 тысяч рублёў.
Пра затрыманне заснавальніка дабрачыннага фонду «Дапамога цяжкахворым дзецям» Вячаслава Лысянкова стала вядома ў канцы студзеня.
Паводле версіі следства, у большасці выпадкаў ахвяраванні, якія паступаюць на рахунак фонду, дырэктар выдаткоўваў на свае патрэбы, куплю і абслугоўванне аўтамабіляў, арэнду кватэры, набыццё тэхнікі, асабістыя бытавыя патрэбы. Сума прысвоеных сродкаў — больш за 830 тыс. рублёў.
Цяпер сталі вядомыя новыя падрабязнасці гэтай гучнай справы, піша Onliner.by.
Паводле версіі следства, у 2024 годзе 28‑гадовы мінчук стварыў дабрачынны фонд пад назвай «Дапамога цяжкахворым дзецям» і, будучы яго дырэктарам, цалкам кантраляваў дзейнасць арганізацыі.
На кастрычнік 2025 года з больш за 1,5 мільёна рублёў, якія паступілі на рахунак фонду, на дабрачынныя мэты было выдаткавана толькі каля 55 тыс. рублёў, — распавялі ў эфіры тэлеканала «Першы інфармацыйны».
У эфіры таксама прагучалі тэлефонныя размовы дырэктара з сябрам, у якіх ён расказваў пра схемы вываду грошай з фонду.
«Я наогул цяпер думаю перааформіць машыны, тыя, што засталіся дзевяць<…>, ну, такую ж схему зрабіць, ну ты зразумеў, і фірму на валацугу аформіць, ды і ўсё. На дропа чыста, каб максімальна сябе засцерагчы», — разважаў Лысянкоў.
Акрамя гэтага, стала вядома, што ва ўласнасці Вячаслава Лысянкова было пяць кватэр у Мінску і 25 аўтамабіляў (былі аформленыя на падстаўных асоб).
Усё гэта цяпер арыштавана. Таксама высвятляецца лёс наяўных ахвяраванняў (іх збіралі ў «скрыні дабра»), якія, як высветлілі следчыя, не залічваліся на рахункі. Следства працягваецца.
Паведамляецца таксама, што пасля ўсіх рэзанансных спраў дабрачынная сфера будзе ўпарадкавана. Так, напрыклад, ужо рыхтуецца новы нарматыўны акт, які павінен зрабіць дабрачыннасць празрыстай.
У дакуменце прапішуць выразныя механізмы: як збіраць, як даваць справаздачу і як кантраляваць рух грошай, каб дапамога даходзіла да адрасата, а не асядала на картах інфлюенсераў. Таксама будзе ўрэгуляваная праца са скрынямі міласэрнасці. Галоўная мэта ўсіх гэтых мерапрыемстваў у тым, каб усе сабраныя ахвяраванні даходзілі да тых, хто сапраўды ў іх мае патрэбу.
Чытайце таксама:
Заснавальнік дабрачынных фондаў для дапамогі дзецям Лысянкоў дабегаўся — яго затрымаў ДФР