Эйсмант: Статкевіча памілавалі ўжо паўгода таму, але тады ён вярнуўся ў турму
Аляксандр Лукашэнка ўхваліў просьбу сваякоў асуджанага на 14 гадоў Міколы Статкевіча адпусціць яго пасля хваробы. Пра гэта ў каментары СМІ заявіла прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант.
«Для пачатку хачу нагадаць, што рашэнне аб памілаванні Мікалая Статкевіча Лукашэнка прыняў ужо даўно. Але тады ехаць у «райскі сад» Статкевіч адмовіўся. І вярнуўся ў турму. З тых часоў прайшло нямала часу — у асуджанага пачаліся праблемы са здароўем. У прыватнасці, здарыўся інсульт галаўнога мозгу», — сказала Наталля Эйсмант.
Яна адзначыла, што Лукашэнку пра гэта далажылі. І ім было прынята рашэнне аб яго пераводзе ў бальніцу, дзе была забяспечана ўся дапамога — і яго выратавалі.
«Затым Лукашэнку паступілі шматлікія звароты сваякоў і жонкі, родных — з просьбамі адпусціць асуджанага дадому, каб мець магчымасць прыглядаць і даглядаць яго. Лукашэнка і з гэтым пагадзіўся. У гэтай сувязі (наколькі нам вядома) паводле просьбы родных — цяпер ён дома, аднаўляецца», — падкрэсліла Эйсмант.
Пра вызваленне Міколы Статкевіча стала вядома ўчора, калі з'явіліся яго фоты дома ў Мінску.
Палітык, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года быў затрыманы 31 мая 2020 года, калі ехаў на мітынг Святланы Ціханоўскай на Камароўку.
14 снежня 2021 года на закрытым судзе ў Гомелі асуджаны на 14 гадоў пазбаўлення волі асаблівага рэжыму паводле абвінавачання ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Разам з ім асудзілі і іншых вядомых апанентаў улады. Пакаранне адбываў у калоніі ў Глыбокім, апошнія гады ўтрымліваўся ў рэжыме інкамунікада.
У 2020 годзе атрымаў прэмію імя Андрэя Сахарава.
11 верасня 2025 года Статкевіча нечакана вызвалілі разам з іншымі 51 палітвязнямі і хацелі прымусова выдварыць у Літву. Статкевіч, аднак, адмовіўся перасякаць мяжу і застаўся на тэрыторыі Беларусі. Пасля таго, як яго забралі лукашэнкаўскія сілавікі, пра ягоны лёс нічога не было вядома.