БЕЛ Ł РУС

Ціханоўская: Калі мы хочам сапраўднага міру ў Еўропе — то мы павінны аслабіць Пуціна і яго паплечніка Лукашэнку

20.02.2026 / 13:22

Nashaniva.com

Сёння падчас візіту ў Вену Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай на супольным пленарным пасяджэнні трох асноўных камітэтаў АБСЕ.

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

У сваёй прамове Ціханоўская акцэнтавала ўвагу на падтрымцы Украіны і неабходнасці спыніць расійскую агрэсію, паведамляе яе прэс-служба.

Таксама яна заклікала Парламенцкую асамблею АБСЕ і краіны-ўдзельніцы не зніжаць увагу да Беларусі: трымаць ціск на рэжым і рыхтавацца да моманту, калі ў Беларусі адкрыецца акно магчымасцяў для перамен:

«Сёння Украіна змагаецца за ўсіх нас — за Беларусь, Украіну, Малдову, усю Еўропу. Украіна змагаецца за мір, дэмакратыю і правы чалавека — тыя каштоўнасці, якімі так даражыць АБСЕ.

Важна даць Украіне ўсё неабходнае для перамогі і спыніць расійскую агрэсію. Калі мы хочам сапраўднага міру ў Еўропе — то мы павінны аслабіць Пуціна і яго паплечніка Лукашэнку.

Вынік гэтай вайны паўплывае і на будучыню Беларусі. Гэта можа адкрыць для нас акно магчымасцяў. І ёсць два сцэнары: Беларусь альбо застанецца ў расійскай арбіце, з ядзернай зброяй, войскамі, «Арэшнікамі» — а гэта значыць, пастаянная пагроза для нашых суседзяў. Альбо яна нарэшце вызваліцца. Адновіць сваю незалежнасць, свабоду і вяршэнства права — і выканае свае абавязацельствы перад АБСЕ.

Мы не павінны дазваляць, каб Беларусь стала суцяшальным прызам для Пуціна. Беларусь — не Расія. Мы на баку Украіны. Мы — ганарлівая еўрапейская нацыя з уласнай культурай і ідэнтычнасцю».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула