БЕЛ Ł РУС

Дальнабойшчык спытаў у дзяўчын, чаму яны не хочуць адносін з дальнабойшчыкамі — і панеслася

21.02.2026 / 10:00

Nashaniva.com

Праца ў дальнабойшчыкаў спецыфічная, таму не ўсе жанчыны гатовыя для стасункаў з прадстаўнікамі гэтай прафесіі, але прычыны агучваюць вельмі розныя. 

Ілюстрацыйны здымак. Фота: АР

«У вашай прафесіі ёсць важны мінус»

Беларус, які працуе дальнабойшчыкам, задаў пытанне ў Трэдс. Допіс хутка набраў 200 тысяч праглядаў і больш 850 каментароў.

Cкрыншот: @sergei.rymiantsev / Threads

Частка жанчын у каментах спасылаецца на тое, што нібыта ў дальнабойшчыкаў у кожным горадзе па сям'і, ды і наогул у рэйсе яны карыстаюцца паслугамі прастытутак, таму яшчэ і венерычныя хваробы прывязуць. Праўда, многія ў адказ на падобныя каментары пішуць, што гэта не больш чым састарэлыя стэрэатыпы.

Большасць жа адзначае, што галоўная праблема ў тым, што дальнабойшчык большую частку часу праводзіць далёка ад дома.

«У вашай прафесіі ёсць важны мінус: працяглая адсутнасць дома. Калі вы плануеце сям'ю і дзяцей, для жанчыны гэта будзе азначаць, што некалькі тыдняў яна сам-насам з немаўляткам. Без дапамогі і падтрымкі», — адзначае каментатарка.

Іншая пад яе каментаром дадала, што ў іх так выраслі двое дзяцей, і яны да бацькі асабліва не адчуваюць вялікіх пачуццяў. А вось трэці ўжо таткаў сын, бо бацька ўжо так часта не з'язджае з дому.

Дзеці таксама не ў захапленні

Сярод тых, хто адгукнуўся, ёсць і дзеці дальнабойшчыкаў. 

«У мяне тата дальнабойшчык усё маё жыццё, і яго вельмі не хапае. І справа не ў грошах. Я б не хацела, каб мой муж пайшоў цяпер у дальнабой. У яго былі думкі, але я рада, што прайшлі. Кайф — калі ён са мной, і з працы кожны дзень чакаю з нецярпеннем», — прызнаецца дачка дальнабойшчыка.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Я б не змагла называць гэта стасункамі, калі малады чалавек адсутнічае па 2—3 месяцы і больш. Так і здзічэць можна, і астудзець зусім.

Тое ж самае ў статусе мужа. Ён як бы ёсць, але яго няма. Мне, напрыклад, важная прысутнасць чалавека, тактыльнасць, падтрымка. Якія б там ні былі грошы, але я ў гэтым выпадку абяру, каб чалавек знаходзіўся побач», — прызнаецца іншая каментатарка.

Яшчэ адна каментатарка, якая нават паспела папрацаваць дальнабойшчыцай у парным экіпажы з мужам, адзначае, што дальнабой — гэта добры заробак, але не жыццё.

Іншая тлумачыць нежаданне будаваць адносіны з дальнабойшчыкам тым, што не кожная возьме на сябе ролю такой партнёркі.

«Вечная адзінота, усе святы адна, усё сама… А ўвосень наогул хоць у пятлю лезь», — прызнаецца яна.

«З часам для вас сям'я перастае існаваць»

«Я такая дзяўчына, якой вельмі важна цяпло ад партнёра — фізічна абдымацца, паваляцца разам, трымацца за рукі, дурэць і гэтак далей. Без гэтага я сохну. І калі я кахаю партнёра, а яго няма побач — мне будзе фізічна вельмі дрэнна. Таму адсутнасць чалавека дома 50% жыцця, а то і 80%… Было б для мяне вельмі цяжка», — тлумачыць іншая.

Ёсць сярод каментатараў і меркаванні мужчын.

«Не сумяшчальная гэтая праца і сям'я. Выключэнні ёсць, але тым не менш», — піша малады чалавек.

«Таму што з часам для вас сям'я перастае існаваць. Вы прывыкаеце жыць самастойна гэтак жа, як і ваша сям'я. Пачынаюцца папрокі, скандалы, недавер», — піша дзяўчына.

Пайшла замуж, а потым за мужам

Адна з каментатарак знайшла даволі арыгінальнае рашэнне, як не чакаць каханага па два-тры месяцы.

«Не ведаю, у каго такое меркаванне. У самой хлопец дальнабойшчык, адразу чакала па два‑тры месяц. [Пасля] сышла са звычайнай працы да яго ў парны экіпаж, каб не чакаць — і ўсё супер», — дзеліцца досведам дзяўчына.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Сустракаюцца ў каментарах і задаволеныя жыццём з дальнабойшчыкам.

«Ну не ведаю, у мяне муж дальнабойшчык. Кахаю яго, 8 гадоў разам».

Адпісаліся і больш дасведчаныя жонкі кіроўцаў:

«10 гадоў замужам за дальнабойшчыкам, два месяцы на працы — месяц дома. Палёт нармальны».

«Я ўжо 18 гадоў у такіх адносінах, амаль 15 з іх замужам, сёння вось з чарговага рэйса чакаю», — піша іншая жонка дальнабойшчыка.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула