Еўракамісія звярнулася ў Белы дом па тлумачэнні, што цяпер будзе з гандлёвай дамовай пасля адмены трампаўскіх мытаў
Рашэнне Вярхоўнага суда ЗША аб адмене тарыфаў Трампа ставіць пад сумнеў гандлёвую дамову паміж ЕС і ЗША, падпісаную летам мінулага года. Еўракамісія звярнулася ў Белы дом за тлумачэннямі, каб удакладніць, якія крокі адміністрацыя ЗША плануе прыняць у адказ на гэтае рашэнне, піша Euronews.
Урсула ван дэр Ляен і Дональд Трамп падчас падпісання дамовы. Фота: AP
Дамова, падпісаная ў ліпені 2025 года старшынёй Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен і прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, устанаўлівала агульныя 15‑працэнтныя мыты на экспарт ЕС і ліквідавала мыты на амерыканскія прамысловыя тавары. Акрамя таго, ЕС абавязваўся закупляць амерыканскія энергарэсурсы на суму 750 мільярдаў даляраў да 2028 года і інвеставаць 600 мільярдаў даляраў у стратэгічныя галіны ЗША.
Цяпер рашэнне суда ставіць пад сумнеў законнасць ужо выплачаных еўрапейскімі кампаніямі мытаў і будучыя абавязкі па дамове. Шэраг дэпутатаў Еўрапейскага парламента разглядае магчымасць адкласці галасаванне па рэалізацыі дамовы або ўвесці папраўкі, якія дазволяць прыпыніць яе дзеянне ў выпадку новых пагроз з боку Трампа.
Еўрапейскія кампаніі сутыкаюцца з юрыдычнай няпэўнасцю адносна гандлёвых умоў, што можа паўплываць на тарыфны рэжым або даць права на кампенсацыю. У ЕС адзначаюць, што бізнэс па абодва бакі Атлантыкі залежыць ад стабільнасці і прадказальнасці гандлёвых адносін, таму працягваюць працаваць над зніжэннем мытаў.
Чытайце таксама:
Вярхоўны суд ЗША прыняў рашэнне аб адмене большасці тарыфаў, уведзеных Дональдам Трампам
«Яна была вельмі агрэсіўнай». Трамп распавёў, як пакараў Швейцарыю мытамі ў 39%
Трамп падпісаў указ аб павышэнні тарыфаў для краін, якія гандлююць з Іранам