Саграда Фамілія дасягнула сваёй канчатковай вышыні — праз паўтара стагоддзя ад пачатку будаўніцтва. І стала самай высокай царквой на планеце
20 лютага 2026 года знакаміты храм Святога Сямейства ў Барселоне нарэшце дасягнуў сваёй праектнай вышыні. На вяршыні цэнтральнай вежы Ісуса Хрыста будаўнікі ўсталявалі апошні элемент гіганцкага крыжа. Цяпер шэдэўр Антоніа Гаўдзі ўзвышаецца над горадам на 172,5 метра.
Апошні элемент гіганцкага крыжа храма Саграда Фамілія над Барселонай. Фота: La Sagrada Família
Крыж над горадам і сцяг над крыжам
Фінальны акорд у будаўніцтве вертыкальнай дамінанты храма прагучаў у пятніцу раніцай. Пад’ём верхняй часткі 17‑метровага белага крыжа стаў сімвалам завяршэння вонкавых работ на комплексе з шасці цэнтральных вежаў.
Устаноўка апошняга элемента гіганцкага крыжа храма Саграда Фамілія. Фота: La Sagrada Família
Сам крыж — гэта складаная інжынерная канструкцыя з сталі і шкла вагой каля 100 тон і шырынёй 13,5 метра. Яго вырабілі ў Баварыі, бо менавіта там знайшліся спецыялісты, здольныя рэалізаваць такую складаную задуму.
Па добрай будаўнічай традыцыі на вяршыні адразу ж былі паднятыя сцягі: сцяг Каталоніі, які сімвалізуе паспяховае завяршэнне этапу, і сцяг Ватыкана — як знак прыналежнасці да Каталіцкага Касцёла.
Сцягі Каталоніі і Ватыкана на вяршыні крыжа храма Саграда Фамілія. Фота: La Sagrada Família
Галоўны архітэктар праекта Жордзі Фаўлі, назіраючы за працэсам, лаканічна адзначыў: «Сёння настаў дзень, якога мы з нецярпеннем чакалі».
Трыумф геаметрыі і тэалогіі
Гэтая падзея паставіла кропку ў шматгадовай гонцы за вышыню. Яшчэ ў кастрычніку 2025 года Саграда Фамілія перахапіла пальму першынства ва Ульмскага сабора ў Германіі. Той утрымліваў тытул самай высокай царквы свету (161,5 метра) з 1890 года.
Устаноўка апошняга элемента гіганцкага крыжа храма Саграда Фамілія. Фота: La Sagrada Família
Устаноўка апошняга элемента гіганцкага крыжа храма Саграда Фамілія. Фота: La Sagrada Família
Выніковая вышыня барселонскай базілікі — 172,5 метра — не выпадковая лічба. Гэта даніна павагі Антоніа Гаўдзі да Творцы. Вялікі архітэктар лічыў, што тварэнне рук чалавечых не павінна ўзвышацца над тварэннем Божым. Таму Саграда Фамілія наўмысна зроблена крыху ніжэйшай за гару Манжуік — галоўнае прыроднае ўзвышша Барселоны.
Праз войны і пандэміі: як будаваўся сімвал
Каб зразумець маштаб сённяшняй падзеі, варта азірнуцца назад. Першы камень храма быў закладзены ў далёкім 1882 годзе. Гаўдзі ўзначаліў будаўніцтва годам пазней, цалкам перапрацаваўшы першапачатковы сціплы праект. Гэтая царква стала галоўнай справай яго жыцця, але ён выдатна разумеў, што не пабачыць выніку. На момант трагічнай смерці архітэктара ў 1926 годзе была ўзведзена толькі адна з 18 запланаваных вежаў.
Гісторыя будаўніцтва нагадвае вострасюжэтны раман. Падчас Грамадзянскай вайны ў Іспаніі ў 1930‑я гады каталонскія анархісты ўварваліся ў храм і падпалілі падземную крыпту. У агні загінулі ўнікальныя чарцяжы і гіпсавыя макеты Гаўдзі, што паставіла пад пагрозу ўвесь праект. Аднаўляць задуму майстра прыйшлося па крупінках дзесяцігоддзямі. Зусім нядаўна, падчас пандэміі каранавіруса, працы зноў спыняліся з-за адсутнасці турыстаў, бо будоўля фінансуецца выключна з продажу білетаў і прыватных ахвяраванняў.
Што далей?
Усталяванне крыжа — гэта канец вышынных работ, але не канец будаўніцтва. Урачыстае адкрыццё і асвячэнне вежы Ісуса Хрыста прызначана на 10 чэрвеня 2026 года. Дата сімвалічная: роўна 100 гадоў з дня смерці Антоніа Гаўдзі, які пахаваны тут жа, у крыпце свайго галоўнага тварэння. Чакаецца, што ўнутры крыжа адкрыецца аглядальная пляцоўка з панарамай на горад.
Устаноўка апошняга элемента гіганцкага крыжа храма Саграда Фамілія. Фота: La Sagrada Família
Аднак наперадзе яшчэ шмат працы. Будаўнікам трэба завяршыць Фасад Славы — галоўны ўваход у базіліку, а таксама скончыць складаныя інтэр'ерныя працы і стварыць лесвіцу да ўваходу.
Паводле прагнозаў фонду Саграда Фамілія, на гэта спатрэбіцца яшчэ каля дзесяці гадоў. Але сёння барселонцы могуць уздыхнуць з палёгкай: сілуэт іх горада нарэшце набыў той выгляд, якім яго мроіў вялікі Гаўдзі.