БЕЛ Ł РУС

Міністр спорту заклікаў УЕФА дазволіць зборнай Беларусі гуляць дома, як Ізраілю. Але Ізраіль дома пакуль не гуляе

21.02.2026 / 00:23

Nashaniva.com

Міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук публічна папрасіў УЕФА перагледзець пытанне адносна забароны для зборнай Беларусі гуляць футбольныя матчы на хатніх палях. Маўляў, чаму Ізраіль, у якім ваенны канфлікт, гуляе, а нам нельга? Пры гэтым ён засведчыў няведанне ці свядомае ігнараванне важнага нюансу.

Сяргей Кавальчук. Фота: Arife Karakum Anadolu via Getty Images

«Публічна прашу УЕФА: мы глядзім на сусветную сітуацыю. Усе матчы праводзім за межамі краіны. Пры гэтым дзяржава працягвае развіваць інфраструктуру. У нас шмат стадыёнаў высокага ўзроўню. Мы гатовыя арганізаваць прыезд камандаў сюды.

Адна з маіх просьбаў — дазволіць правядзенне хатніх матчаў нацыянальнай зборнай у Беларусі. Няўжо той жа Ізраіль, які ўдзельнічае ў канфлікце, больш заслугоўвае права праводзіць матчы дома? З улікам сітуацыі, якая змянілася з 2022 года, просім перагледзець рашэнне», — заявіў Кавальчук.

Аднак жа рэч у тым, што ў кастрычніку 2023 года матчы нацыянальнай каманды Ізраіля ў адборачным турніры Еўра-2024 з-за сітуацыі ў сектары Газа былі перанесеныя на іншыя даты і прайшлі на нейтральных палях. З таго моманту зборная Ізраіля праводзіць хатнія сустрэчы ў іншых краінах. Тое ж самае тычылася і ізраільскіх клубаў — апошнія гады яны праводзілі «хатнія» матчы на палях у Сербіі ці Венгрыі. 

Толькі цяпер разглядаецца пытанне аб змене такой сітуацыі. УЕФА збіраецца аднавіць правядзенне ў Ізраілі міжнародных футбольных матчаў з чэрвеня 2026 года. Прынцыповае рашэнне аб гэтым ужо прынята, а сарваць план можа толькі, як адзначаецца, «сур'ёзнае пагаршэнне абстаноўкі ў сферы бяспекі».

Але ж на сённяшні дзень інтэнсіўны ваенны канфлікт у Ізраілі, звязаны з сектарам Газа, практычна скончаны, бакі падпісалі адпаведныя пагадненні. Таму і падстаў трымацца ранейшых абмежаванняў у УЕФА няма, хай сабе нейкія абвастрэнні сітуацыі ў сектары Газа часам і ўзнікаюць.

Між тым як расійская вайна ва Украіне, за саўдзел у развязванні якой былі накладзеныя санкцыі і на лукашэнкаўскую Беларусь, спыняцца і не думае. Адпаведна, што б ні казаў Сяргей Кавальчук, у нашым рэгіёне няма і «сітуацыі, якая змянілася з 2022 года».

Чытайце таксама:

Перад зборнай Беларусі па футболе паставілі задачу

Стаў вядомы каляндар зборнай Беларусі ў Лізе нацый

Уладальнік «МЛ Віцебск» пра мэты клуба: Выйграць чэмпіянат, Кубак і Суперкубак, а таксама прайсці ў групавы этап аднаго з еўракубкаў

Найлепшы футбаліст Беларусі, які выбіраў паміж турэцкім і карэйскім клубамі, пераходзіць у віцебскі «Макслайн»

Каментары да артыкула