Фіца: Славакія прыпыніць пастаўкі электраэнергіі ва Украіну, калі Кіеў будзе перашкаджаць пастаўкам нафты праз «Дружбу»
«Славакія — гордая і суверэнная краіна, і я — горды і суверэнны славак», — заявіў прэм'ер Фіца.
Прэм'ер-міністры Венгрыі і Славакіі Віктар Орбан і Роберт Фіца. Фота: AP Photo / Denes Erdos
«З пачатку вайны Славакія аказвае дапамогу Украіне. Аднак прэзідэнт Украіны не жадае разумець наш мірны падыход і за тое, што мы не падтрымліваем вайну, паводзіць сябе па адносінах да Славакіі нядобразычліва. Спачатку былі спынены пастаўкі газу ў Славакію, што нанесла нам шкоду сумай 500 млн еўра на год. Цяпер спынены пастаўкі нафты, што цягне за сабой дадатковыя страты і лагістычныя цяжкасці», — гаворыцца з допісе прэм'ера Славакіі.
«Калі на Захадзе не выклікае пярэчання той факт, што быў падарваны газаправод «Паўночны паток», Славакія не можа мірыцца з тым, каб славацка-ўкраінскія адносіны ператвараліся ў «білет у адзін бок», выгадны выключна Украіне. Славакія — гордая і суверэнная краіна, і я — горды і суверэнны славак. Калі да панядзелка пастаўкі нафты ў Славакію не будуць адноўленыя, я звярнуся да дзяржаўнай кампаніі SEPS з патрабаваннем спыніць аварыйныя пастаўкі электраэнергіі ва Украіну. Толькі ў студзені 2026 года аб’ём гэтых экстранных паставак, неабходных для стабілізацыі ўкраінскай энергасістэмы, быў удвая большым, чым за ўвесь 2025 год.
Ва ўмовах такога непрымальнага стаўлення прэзідэнта Зяленскага да Славакіі як да варожай дзяржавы лічу цалкам правільным сваё рашэнне адмовіцца ад удзелу Славацкай Рэспублікі ў найноўшым вайсковым крэдыце для Украіны сумай 90 млрд еўра», — дадаў Роберт Фіца.