БЕЛ Ł РУС

Цырульніца з Баранавічаў знайшла арыгінальны спосаб абысці канкурэнтаў. А кліенты толькі рады ВІДЭА

21.02.2026 / 19:15

Nashaniva.com

Вольга Сітко з Баранавічаў прыдумала, як ператварыць паход на стрыжку ў сапраўднае свята — у сваёй студыі яна дадаткова арганізавала караоке-клуб з элементамі стэндапа. Пакуль Вольга наводзіць прыгажосць, кліенты могуць напяваць у мікрафон любімыя песні.

Вольга Сітко і адна з кліентак у караоке-крэсле. Скрыншот з відэа ў інстаграме @olga_sitko_hair

Вольга называе сябе «цырульніцай з душой». Яна — майстра-універсал, якая бярэцца і за мужчынскія, і за жаночыя фрызуры, а таксама фарбуе валасы і робіць укладкі рознай складанасці.

Давяраюць мясцовыя бацькі ёй і знешні выгляд дзетак.

Каб вылучацца на фоне іншых майстроў у горадзе, Вольга анансавала, што цяпер у яе салоне стаіць не проста крэсла, а першае ў Баранавічах караоке-крэсла.

Кліенты самі абіраюць любімы трэк, яго запускаюць на тэлефоне ў фармаце караоке — застаецца ўзяць у рукі прадугледжаны тут мікрафон і спяваць ва ўсю моц, пакуль Вольга ўпраўляецца з нажніцамі ці машынкай.

«Калі вы пачуеце, што з цырульні даносіцца «Уладзімірскі цэнтрал» ці хіт Земфіры наперамешку з гудзеннем машынкі — не палохайцеся. Гэта не караоке-бар адкрылі ў суседнім памяшканні. Гэта проста працуем мы. Вам не трэба абіраць паміж паходам у салон і паходам у караоке. Мы аб'ядналі гэта ў адной кропцы на карце Баранавічаў»,

— тлумачыць канцэпцыю Вольга. На яе думку, тэрапія голасам працуе на заспакаенне і разняволенне. Але нават калі кліент саромеецца спяваць, за яго гэта можа зрабіць цырульніца.

Цырульніца і адна з кліентак у караоке-крэсле. Скрыншот з відэа ў інстаграме @olga_sitko_hair

«Заўважана: пасля трох песень кліенты перастаюць саромеецца, пачынаюць падпяваць, а да канца стрыжкі ўжо заказваюць бэк-вакал на наступны візіт. А калі вы заспяваеце гучней мяне — атрымаеце зніжку», — рэкламуе свае паслугі жанчына.

Вольга Сітко. Фота: інстаграм @olga_sitko_hair

На працы Вольга яшчэ і стэндапер — яна заўсёды можа рассмяшыць, а самым смелым прапанаваць зняцца ў яе гумарыстычных роліках.

Па першых кліентах, якія паспрабавалі новы фармат, бачна, што людзям падабаецца такі арыгінальны сэрвіс.

Дарэчы, жаночая стрыжка ў цырульніцы каштуе ад 30 да 35 рублёў, а мужчынская — ад 18 да 20.

Чытайце таксама:

«Далі 3600 рублёў штрафу». На беларуску напісаў палітычны данос хлопец, з якім яна хадзіла на спатканні і якога злавіла на здрадзе

Зорны беларускі акцёр Ігар Сігоў пайшоў у кіроўцы аўтобуса. Кажа, што гэта лепш, чым у таксі

Памятаеце Асоль Слівец? Жыццё фрыстайлісткі змянілася да непазнавальнасці, цяпер яна Абігаль

Каментары да артыкула