У Львове ноччу адбыўся тэракт. Загінула дзяўчына-паліцэйскі
Ноччу 22 лютага ў цэнтры Львова каля гандлёвага цэнтра «Магнус» адбылася серыя выбухаў, якія афіцыйна кваліфікаваныя як тэракт.
Фота: «Суспільне»
Першае паведамленне пра здарэнне паступіла пасля 00:30, калі ў раёне вуліцы Шпітальнай прагрымелі магутныя выбухі, калі паліцыя прыехала на лжывы выклік аб незаконным пранікненні ў краму.
Першы выбух прагрымеў пасля прыбыцця першага экіпажа. Калі на месца тэракту прыбыў другі экіпаж патрульнай паліцыі, адбыўся яшчэ адзін выбух.
Мэр горада Андрэй Садавы афіцыйна пацвердзіў гібель чалавека: «Паводле папярэдняй інфармацыі, у выніку тэракта загінула жанчына-паліцэйская». СМІ пішуць, што ёй было 23 гады.
Колькасць пацярпелых удакладнялася на працягу ночы. Апошнія даныя — 15 параненых.
Садавы падкрэсліў, што гарадскія службы працуюць у надзвычайным рэжыме, а лекары аказваюць усю неабходную дапамогу.
Паводле яго слоў, характар здарэння не пакідае сумневаў: «Гэта быў тэракт. Працуюць праваахоўнікі і ўсе адпаведныя службы».
Выбуховая хваля нанесла істотныя пашкоджанні навакольнай забудове. Сам эпіцэнтр знаходзіўся ў нежылым будынку, дзе размешчаны крамы, таму ўдалося пазбегнуць большай колькасці ахвяр сярод жыхароў. Тым не менш, у суседніх дамах выбіта шкло.
Паліцыя высвятляе тып выбуховых прылад і шукае асоб, датычных да арганізацыі выбухаў.