БЕЛ Ł РУС

Хлопец з Чэбаксараў спытаў, ці хацелі б беларусы ўвайсці ў склад Расіі. Яго масава пасылалі ўслед за расійскім караблём

23.02.2026 / 10:00

Nashaniva.com

З яго імперскай ідэяй не пагадзіўся амаль ніхто. «*уендум» — чацвёрты па папулярнасці адказ.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: YouTube

Расіянін з нікам miroz.rus, падпісаны як Міхаіл Глухаў, у Threads звярнуўся да беларусаў з пытаннем: «Калі заўтра ў краіне будзе рэферэндум аб уваходжанні ў склад Расіі, ці пагадзіліся б вы?» Адказ прыйшоў хутка: яму накідалі больш за 1400 каментароў.

Некалькі слоў пра аўтара: хлопцу 21 год, ён з Чэбаксараў, але жыве ў Санкт-Пецярбургу. І дэманструе стандартныя ватныя погляды — наракае на развал СССР, ненавідзіць украінцаў. «Я шмат што спрабаваў, і бізнэс, і палітыку, але не дасягнуў пакуль жаданага ўсё роўна», — піша ён.

Аўтар паста спрабаваў апраўдацца, маўляў, «я проста спытаў», але гэта не выратавала яго ад хвалі абурэння з боку беларусаў. 

«Страшны сон любога беларуса»

Самы часты адказ лаканічны і катэгарычны: «Не» і «Ніколі».

Многія беларусы разгортвалі свае думкі — хтосьці эмацыйна, хтосьці больш стрымана:

«Ніколі гэтага не будзе! Трэба быць апошнім ***, каб задаваць такія пытанні».

«У Еўропу — так, у Расію — не».

«Не правакуйце на грубасць са сваімі імперскімі замашкамі».

«Больш за 90% беларусаў (любых палітычных поглядаў) у гэтым пытанні салідарныя: НЕ АДНАЗНАЧНА. Мы суверэнная дзяржава. Асобная краіна».

«Ні ў якім разе! Я згодная далучыцца хоць да Афрыкі, але не да Расіі».

«Страшны сон любога беларуса», — пішуць у каментарах.

«З чаго вы наогул узялі, што Беларусь ці якая-небудзь іншая краіна хоча ў вашу Рашку? Дзе вам гэта прыснілася? Мы ніколі не хацелі, не хочам і не захочам туды. Не прыязджайце ніколі ў Беларусь. Мы шчыра ненавідзім такіх, як вы», — піша адна з удзельніц дыскусіі, падкрэсліваючы, што імкнецца выказацца «максімальна культурна».

«Каб вярнуцца ў часы без інтэрнэту, падарожжаў, аплат карткамі ў інтэрнэце, без інфраструктуры для электрамабіляў — не, дзякуй».

«А навошта нам гэта? Мы асобная дзяржава, са сваім урадам, эканомікай, правіламі. Дзеля чаго нам гэта ўсё кідаць?»

«Я свой нацыянальны беларускі сцяг ні за што не прамяняю на расійскі».

«Сам вынас на абмеркаванне пытання аб знішчэнні дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі — ужо злачынства і павінна карацца як за здраду дзяржаве», — сцвярджае іншы карыстальнік.

Праўда, нехта іранічна заўважыў, што «суверэнітэт Беларусі ўжо карацейшы за павадок шпіца Лукашэнкі».

«Ідзіце следам за расійскім караблём»

Большая частка каментароў была значна менш стрыманай. Карыстальнікі масава пасылалі аўтара паста «следам за расійскім ваенным караблём», раілі «ісці нах**» і задаваліся пытаннем, ці не «прапусціў ён прыём таблетак».

«Тое, што ў вас гіперфікс на імперыялізме, і так усе ведаюць. А свае вільготныя мары пра далучэнне Беларусі пакіньце пры сабе».

«Падчас спробы правесці такі рэферэндум рускія атрымаюць пі*** гэтак жа, як атрымалі ва Украіне, толькі ўжо ад беларусаў».

«Спачатку вам і такім як вы неабходна навесці парадак у сваіх галовах, потым у той дзяржаве, за якую вы так… перажываеце. І парада асабіста вам. Кідайце ўжываць рэчы, якія ўжываеце зараз. Вынік для вас можа быць вельмі кепскі».

Такія рэакцыі збіралі дзясяткі і сотні лайкаў.

«Можна Беларусі далучыцца да Мальдываў?»

Не абышлося без іроніі. Менавіта саркастычныя каментары часта станавіліся самымі папулярнымі. Частка каментатараў жартам прапаноўвала «зваротны рэферэндум» — ужо не пра Беларусь у складзе Расіі, а пра Расію ў складзе Беларусі:

«Лепш няхай Расія стане часткай Беларусі».

«Вярніце спачатку Смаленск у родную гавань».

«Прапаную рэферэндум аб уваходжанні РФ у склад Магілёўскай вобласці», — напісаў адзін з карыстальнікаў. Іншыя працягвалі:

«Будзе Маскоўская вобласць з райцэнтрамі: Санкт-Пецярбуржскі раён, Растоўскі і гэтак далей».

У адказ на гэта іншыя адзначалі, што беларусам не патрэбны такі галаўны боль:

«А навошта нам яшчэ 46 бедных расійскіх абласцей?»

«Беларусам такое шчасце на фіг патрэбна?»

«Я як беларус супраць далучэння Расіі ў склад Беларусі. Не пацягнем. А вось адправіць туды «крэпкага хазяйственніка» — гэта можна разгледзець».

Беларусы іранічна прапаноўвалі альтэрнатывы — Польшчу, Літву і нават Мальдывы:

«Можна Беларусі далучыцца да Мальдываў? Будзем ездзіць на выходныя і піць бульбяны смузі з маракуяй».

«А чаму ў Расію? Чаму не ў Польшчу? Рэч Паспалітая ж была калісьці».

«Беларусь лепей у Польшчу ўвойдзе, чым у дзяржаву, якая бясконца прайграе ва ўсіх войнах і якую пастаянна абдурваюць. РФ з яе войнамі ўвесь час у разруху і галечу цягне».

Сябраваць — так, аб’ядноўвацца — не

Нягледзячы на рэзкасць многіх адказаў, у дыскусіі былі і больш спакойныя каментары.

«У гэтым сіла беларусаў, пры ўсіх умовах мы захоўваем незалежнасць, сябруем, паважаем суседзяў. Пытанне пра такі рэферэндум не паўстане, бо няма патрэбы».

«Лепш сябраваць, але асобна», — пішуць беларусы. 

Страх перад вайной

Частка каментатараў адкрыта кажуць пра тое, што не хочуць у Расію каб не стаць гарматным мясам.

«Навошта вам яшчэ адна тэрыторыя? Спачатку ў сябе разбярыцеся. За вашыя ідэі і ідэалы не хочацца сваё жыццё і жыццё сваіх дзяцей ламаць».

«Потым яшчэ на вайну адправяць».

«Заўтра рэферэндум, а паслязаўтра дзе будуць усе мужыкі Беларусі? Не, дзякуй».

«Мы не будзем хаваць сваіх дзяцей у імя… чаго? Каго? Маскоўскіх алігархаў? За апошнія 30 гадоў у РФ адбыліся дзве чачэнскія вайны, вайна з Грузіяй, тэракты па ўсёй Расіі. Мы ні ад каго нічога не хочам — і вы нас не чапайце».

Разам з тым, некаторыя карыстальнікі адзначалі, што нават калі б такі рэферэндум і адбыўся, яго вынікі не будуць адлюстроўваць рэальную волю людзей. Паводле гэтых каментароў, большасць беларусаў была б супраць, але «намалююць тое рашэнне, якое патрэбна ўладам».

«Беларусь», а не «Белоруссия»

Асобнай тэмай стала назва краіны. Аўтар пытання ў сваіх адказах выкарыстаў слова «Белоруссия», і гэта выклікала шмат заўваг.

«Спачатку навучыцеся правільна пісаць назву краіны, якую хочаце далучыць», — абураюцца беларусы. 

Адзінкавыя галасы «за»

Каментары на падтрымку аб’яднання таксама з’яўляліся, маўляў, «разам мы мацней», але яны адзінкавыя і хутка губляліся ў патоку негатыўных і крытычных рэплік, кшталту «не слухайце, гэта боты», «рускім слова не давалі».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула