БЕЛ Ł РУС

«Хачу быць такой жа ў старасці!» 87‑гадовая пенсіянерка скарыла сацсеткі сваёй формай

22.02.2026 / 21:36

Nashaniva.com

«Гэта што за кошка, тыгрыца, пантэра ў чырвоным касцюме?» — адзін з самых папулярных каментарыяў у Threads пад фота, на якіх 87‑гадовая Кацярына Макарэвіч робіць зарадку. Карыстальнікі захапляюцца яе фізічнай формай і гнуткасцю, а нехта нават вырашыў, што без штучнага інтэлекту тут не абышлося, піша Smartpress.

Гэтай зімой Кацярына Парфёнаўна жыве ў Мінску — дзеці забралі яе з аграгарадка Дражна (Старадарожскі раён) да сябе перачакаць маразы.

Усё жыццё яна прапрацавала ў Мінску выхавальніцай у дзіцячым садку, вяла беларускамоўныя групы.

Фота тут і далей: Smartpress

Пасля выхаду на пенсію Кацярына Парфёнаўна вярнулася ў роднае Дражна даглядаць маму, а пасля і прыкіпела да вёскі.

«Я ніколі на дыетах не сядзела, але заўсёды была стройнай. Я ж яшчэ гады тры таму кароўку трымала! Ведаеце, якая ў мяне гаспадарка была: свінні, гусі. З імі не расслабішся. Зараз засталіся толькі курачкі, ды і тых на зімоўку суседцы аддала, а сама з кошкай Мусяй — у сталіцу».

У родным аграгарадку Дражна

Цяпер пенсіянерка штораніцу робіць зарадку.

«Я кожную раніцу 10‑15 хвілін размінаю сваё цела — мне гэта патрэбна як паветра. Калі не парухаюся, адчуваю сябе дрэнна».

Практыкаванні Кацярыны Парфёнаўны такія: лёгкая хада-бег, нахілы наперад з дотыкам падлогі, кручэнне тулава, развядзенне рук у бакі. Пенсіянерка заўважае, што за адзін падыход можа 30 «вугалкоў» нагамі зрабіць (пад'ём ног лежачы на спіне). 

Жанчыне зачыталі некалькі папулярных каментарыяў пад яе фота з зарадкай: «Асцярожней з такімі фота, а то пенсійны ўзрост падымуць!», «Я ў свае 22 не магу ўстаць з ложка, а яна ў 87 вунь як скача!», «Хачу быць такой жа ў старасці!».

«Гэта ўсё пра мяне? — бянтэжыцца жанчына. — Прыемна. Гэта [унучка] Дашка закінула ў інтэрнэт мае фотакарткі, а людзям спадабалася. Аднойчы спрабавала на галаву каля сцяны ўстаць. Усё вывучыла, каб бяспечна было. Але сын не дазволіў (смяецца)».

«Ведаю, што адно з маіх практыкаванняў, аказваецца, як раз з гэтай самай ёгі. «Поза шчаслівага дзіцяці» называецца. Гэта Дашы так у інтэрнэце напісалі. А я і не супраць, бо час ад часу я і сапраўды як тое дзіця: радуюся простаму і ўсміхаюся новаму дню».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула