БЕЛ Ł РУС

Шэсць краін уключна з Украінай запусцяць вытворчасць дронаў-перахопнікаў, якія створаць на мяжы з Расіяй і Беларуссю паветраны мур

23.02.2026 / 22:50

Антось Жупран

Гэты крок стаў адказам найбуйнейшых дзяржаў Еўропы на расійскі імперыялізм і амерыканскую неадназначнасць. Першая прадукцыя мае з’явіцца да пачатку 2027 года.

Ілюстрацыйны здымак. Ударныя дроны HX-2 са штучным інтэлектам еўрапейскай абароннай тэхналагічнай кампаніі. Фота: helsing.ai

Дроны будуць выпрабоўваць «на ўкраінскіх палігонах» — гэта значыць, у рэальных баях. Ствараць іх будуць на аснове ўкраінскіх распрацовак апошняга часу. 

«Група пяці міністраў абароны, у якую ўваходзяць краіны з найбольшымі вайсковымі выдаткамі — Францыя, Германія, Італія, Польшча і Вялікабрытанія, — 20 лютага на сустрэчы ў Кракаве паведаміла, што запускае ініцыятыву пад назвай «Танныя эфектары і аўтаномныя платформы» (Low-Cost Effectors and Autonomous Platforms, або LEAP).

«Разам мы валодаем адным з найлепшых у свеце арсеналаў для знішчэння паветраных пагроз. Мы ўпэўненыя, што гэта самы першы крок у тым, што, як мы спадзяёмся, стане цэлай серыяй ініцыятыў», — цытуе словы намесніка міністра абароны Вялікабрытаніі Люка Поларда выданне Politico.

Паводле слоў Поларда, праграма па беспілотніках «з'яўляецца сігналам для абароннай прамысловасці кожнай з пяці краін адказаць на гэты выклік».

Як адзначае выданне, ініцыятыва адлюстроўвае рост заклапочанасці наконт абароны еўрапейскай паветранай прасторы пасля шэрагу інцыдэнтаў у небе краін НАТА летась — ад палётаў расійскіх знішчальнікаў над Эстоніяй да пранікнення груп дронаў у паветраную прастору Польшчы.

Хоць НАТА і нейтралізуе пагрозы, але ракеты, выкарыстанне якіх каштуе мільёны даляраў, збіваюць дроны, якія каштуюць капейкі.

«Задача ў тым, каб эфектыўна збіваць адносна танныя ракеты, дроны і іншыя пагрозы. Мы павінны суадносіць кошт пагрозы з коштам сродкаў абароны», — сказаў Полард журналістам.

Паводле слоў намесніка міністра абароны Вялікабрытаніі, ініцыятыва ў сферы беспілотных сістэм прадугледжвае новыя «шматмільённыя» фінансавыя абавязацельствы з боку пяці краін. Найперш яна скіраваная на распрацоўку і вытворчасць так званых эфектараў для супрацьдзеяння беспілотнікам.

У вайсковай тэрміналогіі «эфектары» — гэта элементы ўзбраення, якія непасрэдна ўздзейнічаюць на цэль і забяспечваюць яе паражэнне: напрыклад, ракеты, кінетычныя перахопнікі або баявыя часткі з выбухоўкай. «Аўтаномныя платформы», у сваю чаргу, — гэта беспілотныя сістэмы, здольныя дзейнічаць самастойна, у тым ліку прымаць рашэнні без пастаяннага ўдзелу чалавека.

Такім чынам, асноўная ідэя ініцыятывы заключаецца ў стварэнні адносна недарагіх альтэрнатыў класічным зенітна-ракетным комплексам і баявой авіяцыі, выкарыстанне якіх супраць дронаў часта аказваецца эканамічна неапраўданым.

Як адзначае Reuters, гэтая ініцыятыва з’явілася ў час, калі еўрапейскія лідары працуюць над умацаваннем абараназдольнасці на фоне росту сумневаў на кантыненце адносна гатоўнасці Вашынгтона забяспечваць яго абарону.

Са спасылкай на асобную заяву ўрада Вялікабрытаніі Reuters паведамляе, што першы праект у межах ініцыятывы «Танныя эфектары і аўтаномныя платформы» будзе рэалізаваны да 2027 года.

Чытайце таксама:

Беспілотнік на сонечных батарэях з размахам крыла, як у Боінга-747, праляцеў без пасадкі 74 гадзіны

Эстонская кампанія распрацавала наватарскую ракету-перахопнік супраць шахедаў

Польшча за 2 гады і 2 мільярды еўра паставіць шчыт ад дронаў на беларускай мяжы

Каментары да артыкула